Кніга названая паводле аднайменнага твору, уключанага ў зборнік. У яе таксама ўвайшлі «Сібірская аповесьць», біяграфічная кароткая проза з цыклю «Полацкія апавяданьні» і іранічная антыўтопія «Ордэн Белай Мышы».
Гэта другая кніга твораў Уладзімера Арлова, выдадзеная ва Ўкраіне. Першая, таксама ў перакладзе Аляксандра Ірванца, «Реквієм для бензопилки. Оповідання та повість» выйшла накладам 4 тысячы асобнікаў у 2005 годзе ў Кіеве. Для Аляксандра Ірванца гэта трэці пераклад беларускіх аўтараў, выдадзены асобнай кнігай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь цяжарная вольнай будучыняй». Прэм'ера гістарычнага падкаста Ўладзімера АрловаНаклад новага выданьня, як сказаў Свабодзе Аляксандар Ірванец, зьяўляецца «камэрцыйнай тайнай выдавецтва».
«Я даўно хацеў выдаць другую ягоную кнігу, бо першая ўжо даўно разышлася. Уладзімер Арлоў — вялікая постаць у беларускай прозе і літаратуры, я даўно зь ім працую, і я марыў пра гэтую кнігу. Вельмі задаволены, што яе ўдалося выдаць», — паведаміў Аляксандар Ірванец.
Украінскі літаратар перакладаў і асобныя творы Васіля Быкава, Вінцэся Мудрова, Адама Глобуса, Андрэя Хадановіча. Аляксандра Ірванец быў арганізатарам творчых вечарын у Кіеве, Астрогу і Роўне, на якіх беларускія літаратары сустракаліся з украінскімі чытачамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі паэт назваў сябе беларусафілам і выйшаў на кіеўскі Майдан за сумленныя выбары ў Беларусі«Тое, як разышлася першая выдадзеная ва Ўкраіне кніга Ўладзімера Арлова, сьведчыць найлепш, як яго чытаюць ва Ўкраіне. І мае знаёмыя казалі шмат добрых слоў аб прозе Арлова. Так што тое, што чытачы яго чакаюць, — гэта факт. Я асабіста ведаю некалькіх чалавек, якія зьяўляюцца ня толькі ягонымі чытачамі, але і фанатамі, а дакладней фанаткамі», — дадаў Аляксандар Ірванец.
Паводле яго, прэзэнтацыя ўкраінскай кнігі Ўладзімера Арлова плянуецца ў рамках найбольшай ва Ўкраіне выставы «Кніжны арсэнал», якая традыцыйна праходзіць кожную вясну ў Кіеве. Сёлета праз пандэмію каранавірусу выставу перанесьлі на канец чэрвеня.
«Калі ўсё складзецца, то чакаем ня толькі прыезду Ўладзімера Арлова, а і некалькіх беларускіх пісьменьнікаў. Гэтым займаецца Ўкраінскі ПЭН-клюб. І тады, вядома ж, будуць і чытаньні, і аўтографы, і авацыі — усё, чаго заслугоўвае і Арлоў, і шмат іншых беларускіх пісьменьнікаў», — дадаў Аляксандар Ірванец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зьдзейсьнілася мая дзіцячая мара». Упершыню па-ўкраінску выйшаў паэтычны зборнік Вальжыны Морт