«Маем адну з пагроз для інфармацыйнай бясьпекі ў паўночных раёнах, якія мяжуюць з Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь», — заявіла Ганна Каваленка ў часе выязнога пасяджэньня ў Чарнігаве ўраду Ўкраіны.
Паводле яе, у Чарнігаве, Карукаўцы, Ноўгарад-Сіверскім ды Халмах аднавілі трансьляцыю аналягавага ўкраінскага грамадзкага вяшчаньня, але цалкам праблема нявырашаная, хаця былі адпаведныя рэкамэндацыі па выніках слуханьняў у парлямэнцкім камітэце ў пытаньнях гуманітарнай і інфармацыйнай палітыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ назвала Беларусь патэнцыйным саюзьнікам Расеі ў выпадку ўварваньня ўва ЎкраінуКіраўніца Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі зьвярнулася да прэм’ер-міністра Ўкраіны Дзяніса Шмыгаля з прапановай, каб да рэалізацыі стратэгіі інфармацыйнай бясьпекі былі залучаныя шэраг дзяржаўных структураў — Міністэрства лічбавай трансфармацыі, Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі, Адміністрацыя дзяржаўнай спэцыяльнай сувязі і Нацрада ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня.
Усе супольна, як сказала Ганна Каваленка, маюць «ажыцьцявіць вычарпальныя захады для інфармацыйнай бясьпекі тэрыторый, якія мяжуюць з краінай-агрэсарам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі пра імаверны наступ Расеі з Крыму і Беларусі: эскаляцыя прывядзе да новай усясьветнай вайныУ сакавіку 2018 году ўлады Чарнігаўшчыны стварылі працоўную групу ў пытаньнях інфармацыйнай бясьпекі, якая мусіла абмежаваць вяшчаньне на тэрыторыі вобласьці расейскіх і беларускіх тэлеканалаў.
У Чарнігаўскай вобласьці 7 з 22 раёнаў мяжуюць з Гомельскай вобласьцю Беларусі і Бранскай вобласьцю Расейскай Фэдэрацыі. У гэтых раёнах улады адзначалі «працяглае засільле як расейскіх, так і беларускіх каналаў». Асаблівай крытычнай сытуацыю ацанілі ў шасьці памежных раёнах — Карукаўскім, Рэпкінскім, Гараднянскім, Сямёнаўскім, Ноўгарад-Сіверскім ды Сноўскім, у якіх жывуць каля 200 тысяч грамадзян.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Больш не нэўтральная». Ва Ўкраіне перагледзелі ўмовы бясьпекі на мяжы зь БеларусьсюУ студзені 2020 году ўкраінскія тэлеканалы закадавалі сваё вяшчаньне, а годам раней перайшлі ў лічбавы фармат працы.
Паводле інфармацыі Свабоды, цяпер на адлегласьці 70 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю на тэрыторыі Чарнігаўскай вобласьці даступныя радыёстанцыя «Мир» зь беларускім кантэнтам, канал «Культура» Беларускага радыё, а ў найбліжэйшых да Беларусі раёнах мясцовыя жыхары глядзяць Беларускае тэлебачаньне.
У той жа час, шэраг тэлевізійных апэратараў Украины прапануюць у базавым пакеце тэлеканал «Беларусь 24», які мае афіцыйны дазвол на трансьляцыю на ўкраінскай тэрыторыі.