Афіцыйна пра затрыманьне Аляксандра Фядуты стала вядома 13 красавіка, калі КДБ Беларусі заявіў, што ён зьмешчаны ў «Амэрыканку». Фядуту абвінавачваюць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Разам зь ім у гэтай жа справе праходзяць кіраўнік БНФ Рыгор Кастусёў, юрыст Юрась Зянковіч і шэраг іншых асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: BYPOL назваў генэрала і палкоўніка, нібыта датычных да затрыманьня Зянковіча, Кастусёва і ФядутыЖонка Аляксандра Фядуты Марына Шыбко расказала Свабодзе, як справы ў мужа пасьля месяца за кратамі.
«Інфармацыі няшмат, папраўдзе, — кажа Марына. — Ён жа ведае, што можна напісаць, а што не (Аляксандар Фядута ўжо бываў у зьняволеньні ў СІЗА КДБ зімой 2010/2011 гадоў, тады ён правёў у „Амэрыканцы“ больш за тры месяцы, асноўную частку часу ў камэры-адзіночцы. — РС). А лісты і так не прыходзяць. Яму шмат хто піша, а лістоў ён толькі некалькі атрымаў. Будзем спадзявацца, нешта зьменіцца. Ён ужо месяц, як за кратамі ўсё ж».
Марына расказвае, што літаральна на днях атрымала ад мужа ліст. Часткова апублікавала яго ў фэйсбуку, для сябе пакінула толькі асабістае.
«Пішу яму, — дадае Марына. — Вось учора адправіла вялікі ліст, перадачу таксама ўчора перадала. Лекі ўзялі на месяц, увесь камплект. І ўсё, што яшчэ тут раскажаш. Пра ўмовы ўтрыманьня я амаль нічога ня ведаю. У камэры цяпер у іх пяць чалавек, гэта ўжо не адзіночка. Але хто там зь ім, я таксама ня ведаю».
Марына Шыбко расказвае, што ў «Амэрыканцы» Аляксандар Фядута сабраўся працаваць над кнігай камэнтароў да раману Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Ужо купіў сабе выданьне раману. Жартуе, што на волі не знаходзіў часу для гэтага, а цяпер ужо можна пачаць.
«„Ганну Карэніну“ таксама сабраўся перачытаць, — дадае Марына Шыбко. — Піша, што мае раман Уладзімера Арлова, але ў дужках дадае, што „ня нашага сваяка“. Бо калі наш Уладзімер Арлоў у 2011 годзе прыходзіў на суд, то называўся стрыечным братам. Такія жарты. Замовіў энцыкляпэдыю „Караткевіч“, „Сагу аб Фарсайтах“ Галсуорсі. Тлумачыць гэта тым, што „цягне на тоўстыя клясычныя раманы“».
Па словах Марыны Шыбко, з сукамэрнікамі Аляксандар Фядута абмяркоўвае Шэксьпіра. І нават «падсадзіў» іх на «Караля Ліра» і «Макбэта».
«Адукоўвае іх, настаўнік жа, — гаворыць Марына Шыбко. — Параіў усім чытаць „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“, „Каласы...“ таксама. Вучні ягоныя заўсёды казалі, што як настаўнік Фядута вельмі і вельмі добры. То будзе займацца і цяпер адукацыяй. Падвышэньнем сваёй кваліфікацыі, скажам так. Вось піша, што па вечарах будуць чытаць Забалоцкага, Цьвятаеву».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Американские стихи» Аляксандра ФядутыПадчас зьняволеньня ў «адзіночцы» СІЗА КДБ у 2011 годзе Аляксандар Фядута напісаў кнігу вершаў і прозы «Амэрыканскія вершы», за якую стаў ляўрэатам прэміі Беларускага ПЭН-Цэнтру імя Алеся Адамовіча.
«Напісаў мне, што вершаў пакуль ня піша, — гаворыць яна. — Вельмі вялікі стрэс».
Артыкул КК, паводле якога абвінавачваюць Аляксандра Фядуту, прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам да 12 гадоў. Падрабязнасьці пра ход расьсьледаваньня і магчымую дату суду пакуль невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома імя пятага затрыманага па справе «аб спробе дзяржаўнага перавароту» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым дайшоў да поўнага азьвярэньня». Філёлягі выступілі ў абарону калегі Фядуты, зьняволенага ў справе аб замаху на Лукашэнку