Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома імя пятага затрыманага па справе «аб спробе дзяржаўнага перавароту»


Ілюстрацыйнае фота. СІЗА КДБ
Ілюстрацыйнае фота. СІЗА КДБ

Гэта 35-гадовы дальнабойшчык з Нарачы Дзяніс Краўчук, ён цяпер праходзіць у якасьці абвінавачанага па артыкуле 357 Крымінальнага кодэксу «Змова ці іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Тэрмін знаходжаньня пад вартай яму працягнулі да 2 месяцаў.

Пра гэта «Нашай Ніве» расказала мама Дзяніса Надзея Міхайлаўна. Родныя кажуць, што Дзяніс трымаецца нармальна, ён упэўнены ў сваёй невінаватасці.

Дзяніса Краўчука затрымалі ўвечары 26 красавіка. Прыкладна а 18-й гадзіне ў кватэру Краўчукоў прыйшлі больш за 10 супрацоўнікаў КДБ, адзелі Дзянісу на рукі кайданкі, паказалі пастанову аб ператрусе, у якой чамусьці ня быў пазначаны крымінальны артыкул, па якім адбываецца дзеяньне. У выніку ператрусу забралі некалькі старых тэлефонаў, а таксама CD-дыскі з запісамі вясельляў і пахаваньняў. Таксама ператрус правялі ў гаражы, падвале і машыне.

Па тым жа артыкуле, які інкрымінуюць Дзянісу, праходзяць юрыст з ЗША Юрась Зянковіч, які мае беларускае і амэрыканскае грамадзянствы, літаратуразнаўца Аляксандар Фядута, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў і кіраўніца менскага офіса Зянковіча Вольга Галубовіч.

Як Краўчук зьвязаны зь Зянковічам

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году Дзяніса Краўчука затрымалі як назіральніка і асудзілі да 10 сутак арышту. Атрымалася так, што ён адбываў пакараньне ў адной камэры зь Юрасём Зянковічам, якога затрымалі за акцыю пратэста ў Мядзелі 9 жніўня. Паводле маці Дзяніса, шчыльна яны не стасаваліся.

Паводле адной з вэрсій, Краўчук даглядаў дом Зянковіча на Мядзельшчыне, пакуль гаспадар жыў у ЗША. 26 кастрычніка ён уладкаваўся на працу ў Літву дальнабойшчыкам, у лістападзе зьехаў туды, да ад’езду, паводле маці, ні ў якім маршах і дэманстрацыях ня ўдзельнічаў. 8 красавіка Дзяніс прыехаў у Беларусь, каб працягнуць візу.

«Калі ён такі небясьпечны злачынца, то чаму яго не затрымалі адразу пры перасячэньні мяжы? Усе ў нас у Нарачы ведаюць, што Дзяніс вельмі годны і адказны чалавек, нічога кепскага ня зробіць», — кажа Надзея Міхайлаўна.

Дзяніс родам з Мядзельскага раёну. Скончыў фізычны факультэт БДУ, фізык-ядзершчык. Працаваў на розных прадпрыемствах, навуковым супрацоўнікам у Нацыянальным парку «Нарачанскі», але праблемы ўзьнікалі празь яго грамадзкую дзейнасьць. У 2018 годзе ён праславіўся тым, што на мясцовых выбарах выкрыў каруселі падчас датэрміновага галасаваньня і дзякуючы гэтаму змог прагаласаваць тры разы на трох розных участках.

Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць

  • У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
  • Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
  • У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
Юрась Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў (зьлева направа)
  • Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
  • Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
  • Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
  • У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
  • Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
  • 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
  • 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
  • 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
  • Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG