30-гадовага Аляксея Санчука, якога затрымалі ў лістападзе разам з камандай бубначоў «Патрабуем разысьціся», асудзілі на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Жонка Санчука сьцьвярджае, што на яе мужа «павесілі» знойдзеную ў чужым гаражы піратэхніку.
Працэс вяла судзьдзя Маскоўскага раёну Тацяна Пірожнікава, дзяржаўны абвінаваўца — Яўген Серыкаў.
Абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулах
Аляксею Санчуку 30 гадоў. Ён скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы каледж, прафэсійна займаўся зборкай мэблі. Музыкай проста захапляўся, хадзіў на рэпэтыцыі гурту «Патрабуем разысьціся», але на масавых акцыях зь імі ніколі ня граў.
4 лістапада на рэпэтыцыю бубначоў, якая праходзіла ў гаражы каля абутковай крамы «Прамень» на Ціміразева, зьявіўся ГУБАЗіК. Затрымалі 16 чалавек — ня толькі музыкаў з гурту «Патрабуем разысьціся», але і аматараў іхнай творчасьці. Некаторых аштрафавалі на 30 базавых, частку асудзілі на 10–15 сутак. Аляксею Санчуку далі 15 сутак арышту, аднак на свабоду ён так і ня выйшаў — на яго завялі некалькі крымінальных спраў. 3 сьнежня праваабаронцы прызналі Санчука палітвязьнем. Суд доўжыўся 3 тыдні. У выніку Аляксея прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў КК:
- ч.1 і 2 арт. 342 (арганізацыя, падрыхтоўка, і актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак),
- ч. 3 арт. 293 (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках),
- арт. 13 (падрыхтоўка да злачынства).
Дзяржабвінаваўца сьцьвярджаў, што з чэрвеня па 4 лістапада 2020 году Аляксей Санчук купляў піратэхніку, адкрыў рахунак у «Тэхнабанку» для фінансаваньня пратэстаў. Нібыта ў яго падчас вобшуку знайшлі 67 небясьпечных піратэхнічных вырабаў (кшталту «Чайная ружа», «Хвалісты папугайчык», «Шок»), пэтарды, газавыя балёнчыкі, 18 лазэрных указак, аптычную сыстэму назіраньня, падводнае ружжо, атрыбутыку. «Менсктранс» за блякаванне дарог 27 верасьня, 4, 18, 25 кастрычніка і 1 лістапада выставіў Санчуку пазоў на суму 161 900 рублёў.
Аляксей Санчук падчас суду прызнаў сябе вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 342 — толькі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Па двух іншых артыкулах Санчук віны не прызнаў.
Жонка Санчука сьцьвярджае, што чужую піратэхніку «павесілі» на Аляксея
Жонка Аляксея Ганна Санчук абураецца, што на Аляксея «павесілі» тое, да чаго ён ня меў ніякага дачыненьня. Гараж, у якім канфіскавалі піратэхніку, не належаў Аляксею, ён быў там пару разоў, сьцьвярджае Ганна.
«Усё, што яму прыпісваюць, — дакладна не ягонае, там не было ягоных адбіткаў пальцаў, біялягічнага матэрыялу. Ён ня мае да гэтага ніякага дачыненьня! Там наагул дзіўная гісторыя.
Аляксея затрымалі 4 лістапада. Празь некалькі дзён пасьля гэтага ў гаспадара гаража быў ператрус у кватэры і гаражы: канфіскавалі сьцягі, банэры, іншую атрыбутыку, падводнае ружжо, піратэхніку, лазэрныя ўказкі. Пакетаў 15 было канфіскавана з гаража. У нас — чатыры старыя ноўтбукі, гэта ўжо мэталялом, ды ўзмацняльнікі. Аляксея якраз і папрасілі прывезьці гэтыя ўзмацняльнікі, знайшоўшы іх на „Куфры“: ён іх прывёз, і яго затрымалі», — расказала Ганна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастак Алесь Пушкін у зьняволеньні заснаваў арт-суполку «Турма» і прыслаў свае малюнкі на волю. ФОТАА гаспадара гаража, якога затрымалі, празь некалькі дзён адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, і ён зьехаў за мяжу, працягвае Ганна:
«Карацей, хлопца з арсэналам выпусьцілі, а ўвесь арсэнал „павесілі“ на Аляксея.
Мы знайшлі кантакты гэтага хлопца, ён пагадзіўся даць паказаньні. Хадайнічалі, каб ён сьведчыў праз скайп. Хадайніцтва адхілілі. Таксама мы хадайнічалі, каб у судзе дала паказаньні былая жонка гэтага мужчыны, якая ведае, што падводнае ружжо, да прыкладу, сябры падарылі на дзень народзінаў задоўга да ўсіх падзей. Хадайніцтва таксама адхілілі. Адвакатка зьвяртала ўвагу на гэта ўсё падчас судовых спрэчак, але да яе не прыслухаліся», — кажа Ганна.
Аляксей Санчук заявіў на судзе, што на яго аказваўся ціск падчас азнаямленьня з матэрыяламі справы: сьледчая прысьпешвала, канфіскоўвала матэрыялы падчас азнаямленьня, забараняла перапісваць дадзеныя матэрыялаў справы.
Пракурор Яўген Серыкаў 7 траўня прасіў пакараць Аляксея Санчука 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Суд так і зрабіў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць Аляксея Санчука, якога затрымалі разам з бубначамі гурту «Патрабуем разысьціся»