У Тэлеграме зьявіўся канал «Адновім Будслаў разам!». У ім будуць пісаць пра арганізацыйныя пытаньні аднаўленьня касьцёла ў Будславе. Ідзе пошук валянтэраў, гатовых дапамагчы сьвятыні ўласнаруч.
На гэты момант шукаюць альпіністаў і людзей з допускам працы на вышыні. Трэба будзе спускаць уніз бэлькі і рэшткі мэталічнага даху.
Адмысловы зварот з просьбай аб дапамозе ў адбудове будслаўскай сьвятыні апублікаваў Апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец. У сваёй адозьве Велікаселец падкрэсьліў, што зьнішчальны пажар — бяда ня толькі для каталікоў, але і для ўсіх беларусаў.
Як ахвяраваць на адбудову касьцёлу ў Будславе?
Ужо цяпер ахвяраваньні праз сыстэму разьлікаў АРІП можна пералічыць на банкаўскі рахунак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Менска-Магілёўскай Архідыяцэзіі.
Ахвяраваньне можна зрабіць і на разліковы рахунак парафіі Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Будславе:
Рэлігійная абшчына «Рымска-каталіцкі прыход Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі» аг. Будслаў Мядзельскага раёну.
222374 Менская вобл., Мядзельскі р-н, аг. Будслаў, вул. Чырвоная плошча, 8
р/с BY12BAPB30153404200100000000
у ААТ «Белаграпрамбанк», г. Менск
код банку BAPBBY2X
УНП 600195666
За адны суткі пасьля пажару, па словах намесьніцы дырэктара Caritas Вольгі Лабуць, сабрана звыш 40 тысяч рублёў ахвяраваньняў.
У выніку пажару, паведамленьне пра які паступіла ў МНС 11 траўня ў 7.47, у касьцёле абваліўся дах. Сьвятыню і маёмасьць удалося вынесьці. У 11.24 пажар лякалізавалі, у 15.21 — ліквідавалі.
Будслаўскі касьцёл пабудаваны ў XVII стагодзьдзі, штогод да яго ладзяцца вялікія каталіцкія пілігрымкі ды месца правядзеньня адмысловага фэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Перад абліччам будслаўскай трагедыі перапросім Бога за грахі нашага народу»Створана спэцыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў пажару
12 траўня ў Менску адбылася экстраная нарада з-за пажару ў касьцёле Маці Божай Будслаўскай. У ёй узялі ўдзел Апостальскі адміністратар Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Казімір Велікаселец, дапаможныя біскупы Юры Касабуцкі і Аляксандар Яшэўскі, а таксама арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і запрошаныя сьвятары, піша catholic.by.
Па выніках нарады пры Курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі стварылі камісію па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сытуацыі і аднаўленьня Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай. У склад камісіі ўвайшлі восем асоб, старшынёй абралі біскупа Аляксандра Яшэўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тысячы пілігрымаў і Багародзіца з усьмешкай. Чым вядомы беларускі Нотр-Дам?