Разгляд крымінальнай справы сустаршыні аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, грамадзкай актывісткі Ірыны Шчаснай, а таксама актывістаў грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Дзьмітрыя Казлова, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча праходзіць у закрытым рэжыме.
Гэта пацьвердзілі ў Магілёўскім абласным судзе. У судзе заяўляюць, што справу пастанавілі разглядаць на закрытым пасяджэньні, бо матэрыялы адносяцца да тайны, якая ахоўваецца законам.
Аляксандра Буракова і Ўладзімера Лапцэвіча зь мясцовага інтэрнэт-выданьня «Рэгіянальны Магілёў» затрымалі, калі яны ўжо сыйшлі з пляцоўкі перад будынкам Магілёўскага абласнога суду. Гэтага запатрабавалі супрацоўнікі міліцыі ад тых хто спадзяваўся трапіць на працэс.
Дамагчыся прысутнасьці на працэсе спрабавалі жонка, маці, сястра Паўла Севярынца, але гэтага ім не ўдалося. Вольга Севярынец, выйшаўшы з судовага будынку, паведаміла журналістам, што яны пастаялі ля дзьвярэй залі, дзе праходзіў працэс, на адлегласьці пяці мэтраў.
«Мы думалі, што зойдзем хаця б на пару хвілінаў, пакуль не абвесьцяць, што закрыты працэс, — кажа яна. — Нам, родным, гэтага было б дастаткова, каб іх толькі пабачыць. На большае мы не разьлічваем».
Суд пачаўся ў 10.30. Да гэтага часу ў будынку было блізу дзясятка супрацоўнікаў міліцыі. Акрамя таго на паркоўцы ля яго стаялі мікрааўтобусы з сілавікамі.
Усе абвінавачаныя прызнаныя праваабаронцамі палітвязьнямі.
Крымінальную справу разглядае судзьдзя Ірына Ланчава. Забясьпечваць парадак у судзе прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Яны сочаць за сытуацыяй і на пляцоўцы перад судом. Пачатак працэсу заплянаваны ў 10:30.
«Крымінальная справа будзе разглядацца на закрытым судовым пасяджэньні ў сувязі з тым, што матэрыялы адносяцца да тайны, якая ахоўваецца законам», — паведаміла раней супрацоўніца абласнога суду карэспандэнту БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мітрапаліт Веніямін адказаў Паўлу Севярынцу пра магчымае прызнаньне бел-чырвона-белага сьцягу «экстрэмісцкім»Каго судзяць?
Паўла Севярынца затрымалі 7 чэрвеня 2020 году каля ягонага дома неўзабаве пасьля таго, як ён правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасьці» побач зь пікетамі для збору подпісаў за вылучэньне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзыдэнты.
21 жніўня Севярынец меўся выйсьці на волю пасьля 75 дзён адміністрацыйнага арышту. Аднак Сьледчы камітэт паведаміў, што на палітыка завялі справу паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу (затрыманьне празь непасрэдна ўзьніклае падазрэньні ва ўчыненьні злачынства). Затым стала вядома, што палітыку выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках), яго пакінулі пад вартай.
Андрэя Войніча, Юхневіча і Яўгена Афнагеля затрымалі 25 верасня. У кастрычніку ім выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 КК. У лютым 2021 года каардынатару «Эўрапейскай Беларусі» Афнагелю было выстаўленае яшчэ адно абвінавачаньне — па ч. 3 арт. 293 КК (навучаньне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках альбо фінансаваньне гэтай дзейнасьці).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі актывіста «Эўрапейскай Беларусі» Вінярскага, ён падазраваны ў справе аб закліках да масавых беспарадкаўПра затрыманьне Максіма Вінярскага МУС паведаміў 26 студзеня. Паводле дадзеных праваабаронцаў, яму таксама выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі пачынаюць адчуваць сябе народам». Пра што піша зьняволены блогер Зьміцер КазлоўБлогер YouTube-каналу «Шэры кот» Дзьмітры Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня і на наступны дзень арыштаваны на 20 дзён. Меўся выйсьці на волю 30 чэрвеня, але яго пакінулі за кратамі. Пазьней стала вядома, што на Казлова завялі справу паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).
Грамадзкага актывіста Паўла Юхневіча абвінавачваюць па ч.2 арт.293 КК (удзел у масавых беспарадках). 25 верасьня 2020 году Паўла затрымалі разам яшчэ з трыма актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» — Ягорам Літвінкам, Анастасіяй Кірык і Андрэем Войнічам. Спачатку трымалі ў СІЗА № 1 у Менску, пасьля перавялі ў турму № 4 у Магілёве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Злуецца, што суд зрабілі закрытым». Гісторыя Паўла Юхневіча, якому пагражае да 8 гадоў зьняволеньняУсе шэсць абвінавачваных знаходзяцца ў магілёўскай турме № 4.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевічу, Ціханоўскаму, Лосіку і Цыгановічу пагражае да 15 год зьняволеньня. Іх справы перадаюць у суд