У 2021 годзе гэтая тэндэнцыя праяўляецца асабліва выразна: у становішчы глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу і радыкальнага пагаршэньня адносінаў з Захадам афіцыйны Менск усё часьцей зьвяртаецца да тэмы Другой Сусьветнай вайны, выкарыстоўваючы гэты жахлівы пэрыяд у сваіх прапагандысцкіх мэтах і мэтанакіравана распаўсюджваючы, між іншым, рознага кшталту гістарычныя міты.
Улады Беларусі абапіраюцца на досьвед савецкай і сучаснай расейскай прапаганды і, зыходзячы зь гістарычна абумоўленых антынямецкіх (антызаходніх) настрояў у беларускім грамадзтве, імкнуцца паставіць знак роўнасьці паміж таталітарнай гітлераўскай Нямеччынай і дэмакратычнай Фэдэратыўнай Рэспублікай Германіяй. Але ня толькі. Увогуле «калектыўным Захадам», які нібыта не вывучыў урокі вайны, імкнецца пераглядзець яе вынікі і, у адрозьненьні ад СССР, ніколі ня быў зацікаўлены ў пакараньні нацысцкіх злачынцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калі ў дыктатара няма палітычнай будучыні, ён пачынае займацца гістарычным мінулымАле ці адпавядае гэты пункт гледжаньня гістарычнай рэчаіснасьці? Не! Яскравы прыклад — гісторыя зьнішчэньня псыхіятрычных пацыентаў у Менску ў першай палове 1941 года.
Адразу пасьля прыходу да ўлады ў 1933 годзе нацысты, кіруючыся ідэалёгіяй «расавай гігіены», распачалі перасьлед, а пазьней і сыстэматычнае забойства псыхічна хворых і людзей з абмежаванымі магчымасьцямі ў Рэйху. Потым яны працягнулі гэтую злачынную палітыку і на акупаваных тэрыторыях. У Менску яе ахвярамі сталі пацыенты «псыхіятрычнай працоўнай калёніі» у Навінках і псыхіятрычнага аддзяленьня Другой гарадзкой лякарні. Агульным чынам было зьнішчана больш за 700, а магчыма і больш за 900 чалавек. Лёс пацыентаў Навінак быў вырашаны асабіста рэйхсфюрэрам СС Генрыхам Гімлерам, які ў жніўні 1941 года наведаў Менск і пабываў у Навінках.
Галоўную ролю ў забойствах пацыентаў адыгрывала СС, а нямецкая цывільная ўлада на чале зь генэральным камісарам Вільгельмам Кубэ рашуча падтрымала зьнішчэньне хворых, якіх нацысты разглядалі як «баляст» і «непатрэбных едакоў» і якім яны адмаўлялі ў праве на існаваньне. Першымі загінулі габрэйскія пацыенты, а потым чарга дайшла і да негабрэяў. Каб аблегчыць выкананьне сваёй злачыннай задачы, немцы наўмысна і цынічна ўцягвалі мясцовы мэдыцынскі пэрсанал, які мусіў «падрыхтаваць» пацыентаў і перадаць іх карнікам. Для пахаваньня забітых прыцягваліся альбо мясцовыя жыхары, альбо прыгнаныя зь гета габрэі.
Жахлівай асаблівасьцю забойстваў у Менску, а таксама ў Магілёве сталі экспэрымэнты з новымі мэтадамі масавага зьнішчэньня. Так, у верасьні 1941 года нацысты ўзарвалі бункер з 24 пацыентамі з Навінак, а яшчэ 200 чалавек атруцілі выхлапнымі газамі.
Пасьля вызваленьня Менска ў ліпені 1944 года савецкая пракуратура і органы дзяржбясьпекі апыталі сьведкаў забойстваў, а ў студзені 1946 года ў сталіцы БССР адбыўся працэс над нацысцкімі злачынцамі, сярод якіх былі і ўдзельнікі забойства псыхічна хворых, вахмістар жандармэрыі Бруна Франц Мітман і унтэрфшарфюрэр СС Франц Карл Гэс. Вайсковы трыбунал Мінскай вайсковай акругі прысудзіў Мітмана і Гэса да сьмяротнага пакараньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Нямеччыне: дрэнныя пэрспэктывы для Лукашэнкі і ПуцінаПасьля Менскага працэсу савецкі бок не праяўляў асаблівай цікавасьці да тэмы забойства псыхіятрычных пацыентаў, якім у СССР наканавана было стаць забытымі ахвярамі вайны: іх амаль ніколі ня ўзгадвалі ў гістарычных публікацыях, а ў Навінках і ў Другой гарадзкой лякарні адсутнічалі мэмарыяльныя знакі. Псыхічна хворыя ня ўпісваліся ў савецкі прапагандысцкі наратыў «Вялікай Айчыннай вайны», у якім ахвяры ўвогуле заставаліся на другасным пляне. Супярэчлівая роля мясцовага мэдыцынскага пэрсаналу і распаўсюджаная ў СССР практыка карнай псыхіятрыі ўскладнялі становішча яшчэ больш. Тым ня менш, фактычнае ігнараваньне нацысцкіх злачынстваў супраць псыхіятрычных пацыентаў не перашкаджала савецкім уладам выкарыстоўваць гэтую тэму ў прапагандысцкіх кампаніях супраць Заходняй Нямеччыны ў 1960-я і 1970-я гады.
У ФРГ да забойства пацыентаў у Менску ўпершыню зьвярнуліся на пачатку 1960-х гг., у кантэксьце судовага працэсу над былым обэрштурмфюрэрам СС Георгам Хойзэрам у Кобленцы (1962-1963), адказным за злачынствы паліцыі бясьпекі ў беларускай сталіцы. Апасаючыся маніпуляцый і правакацый з боку Масквы, афіцыйны Бон вырашыў не дапускаць савецкіх сьведкаў на працэс супраць Хойзэра. Адказам Масквы стала прапагандысцкая кампанія супраць ФРГ, значным элемэнтам якой стаў арыентаваны перш за ўсе на заходнюю публіку дакумэнтальны фільм «Ахвяры абвінавачваюць», у якім закранаецца і тэма забойства пацыентаў у Навінках. Ініцыяваная Масквой і падхопленая ўладамі ГДР кампанія, тлумачыць і нечакана жорсткі па мерках ФРГ прысуд супраць Хойзэра, якому прысудзілі да 15 гадоў зьняволеньня, але ўжо ў 1969 годзе выйшаў на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ніколі ня скончыцца». Як немцы пасьля вайны вызваляліся ад нацызмуЯшчэ ў той час, калі Хойзэр заставаўся за кратамі, забойства пацыентаў у Менску ізноў патрапіла ў поле зроку заходненямецкай юстыцыі: у 1967 годзе ў Штутгарце адбыўся судовы працэс над хімікам Альбэртам Відманам, які ў 1941 годзе арганізоўваў экспэрымэнты з выбухоўкай і газамі ў Менску і Магілёве. Відману пашанцавала больш чым Хойзэру: яму хоць і прысудзілі шэсьць з паловаю гадоў турмы, але ў выніку дазволілі сплаціць штраф у памеры 4.000 марак і пазьбегнуць турэмнага зьняволеньня. У СССР пра працэс супраць Відмана паведамілі, але той факт, што ахвярамі хіміка сталі менавіта псыхічна хворыя грамадзяне, вырашылі ня ўзгадваць.
Пасьля штутгарцкага працэсу да злачынстваў супраць псыхіятрычных пацыентаў мусіў зноў зьвярнуцца і КДБ БССР, які займаўся гэтым пытаньнем яшчэ ў кантэксьце працэсу над Хойзэрам. Ініцыятыва сыходзіла, аднак, не ад савецкіх чэкістаў, а ад створанага яшчэ ў 1958 годзе Цэнтральнага ведамства па расьсьледаваньні злачынстваў нацыянал-сацыялістаў у Людвігсбургу. Пад уплывам працэсу над Відманам заходненямецкія сьледчыя, якіх у СССР не называлі інакш як «нэафашыстамі» і «рэваншыстамі», вырашылі паспрабаваць расьсьледаваць справу забойства псыхіятрычных пацыентаў у Менску. Паколькі ў распараджэньні немцаў на той момант знаходзіліся толькі два савецкіх пратаколы допытаў сьведкаў за 1944 год, яны зьвярнуліся ў жніўні 1968 па прававую дапамогу ў СССР, разьлічваючы атрымаць дадатковую інфармацыю ад савецкіх калег.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі Эдуард Гольдшцюкер і чым яго жыцьцёвы досьвед карысны для сёньняшняй Беларусі?Адказ прыйшоў толькі ў лістападзе 1969 года: немцы атрымалі пратаколы допытаў за 1944 і 1945 гады, прысуд Менскага працэсу 1946 года, а таксама пратаколы допытаў сьведкаў, які былі праведзеныя КДБ летам і ў верасьні 1969 года ў Менску. Гэтыя цікавыя матэрыялы, арыгіналы якіх захоўваюцца ў архіве КДБ Рэспублікі Беларусь, утрымліваюць значную інфармацыю пра злачынствы, але не пра канкрэтных асобаў, якія іх учынілі. У выніку немцы вымушаныя былі спыніць сваё расьсьледаваньне, бо давесьці справу да суду было немагчыма.
А што ж зрабіў савецкі бок, які найпазьней у 1969 годзе дакладна ведаў пра тое, што адбылося ў 1941 годзе з псыхіятрычнымі пацыентамі? Можа паклапаціўся пра памяць ахвяраў ці прадставіў вынікі расьсьледаваньня грамадзкасьці? Нічога! Пацыенты засталіся забытымі і не патрэбнымі савецкай уладзе ахвярамі вайны.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.