Ці ўратуе сыстэму Лукашэнкі дэкрэт аб Радзе бясьпекі

Чаму Аляксандар Лукашэнка прыняў дэкрэт аб перадачы ўлады Радзе бясьпекі на выпадак яго гібелі? Што і як можа забясьпечыць гэты дэкрэт? Чаму не было пратэстаў на Дзень Перамогі, да якіх заклікалі некаторыя палітыкі?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычныя аналітыкі Юры Дракахруст, Сяргей Навумчык і Віталь Цыганкоў.



Сьцісла

Дракахруст:

  • Лукашэнка вырашыў дэкрэтам, што ў выпадку ягонага забіцьця ці гвалтоўнага зьнікненьня ўся ўлада адразу ж перадаецца Радзе бясьпекі. І ўжо яна прызначае новыя прэзыдэнцкія выбары.
  • Існуе тры аспэкты — юрыдычны, палітычны і псыхалягічны. Юрыдычны палягае ў тым, што ў выпадку вакансіі або немагчымасьці прэзыдэнта выконваць абавязкі ягоныя паўнамоцтвы пераходзяць да прэм’ер-міністра. Узьнікае пытаньне, навошта яму гэта.
  • Я б зьвярнуў увагу на рэакцыю прэм’ера Рамана Галоўчанкі. У сваім камэнтары пасьля сустрэчы з Лукашэнкам ён не сказаў, што так, трэба такі дэкрэт, я сам ня спраўлюся. Ён сказаў, што «як прэзыдэнт скажа, так і будзе». Выглядала, што ён ня вельмі ўзрадаваўся такому дэкрэту. Гэта вельмі адрозьніваецца ад рэакцыі Качанавай, якая сёньня ўзносіла хваласьпевы.
  • Цікавы і псыхалягічны аспэкт. Лукашэнка сказаў, што Хусэйна забілі, Кадафі забілі, Мілошавіча забілі, нямецкія юрысты справу супраць мяне заводзяць. Дзеля чаго? Каб падрыхаваць базу для ягонага забойства. 26 гадоў жыў, патрэбы не было — а вось цяпер лічыць, што ёсьць такая пагроза.
  • Лукашэнка прыгадвае, які парадак у войску, але сваімі рукамі стварае адсутнасьць адзінаначальля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Натальля Качанава: «Дэкрэт пра абарону сувэрэнітэту трэба было прымаць, каб паказаць, што ніхто не трымаецца дрыготкімі рукамі за ўладу»

Цыганкоў:

  • Мне здаецца, што вельмі няўдалае рашэньне сумясьціць гэта з 9 траўня.
  • Магчыма, дэкрэт — гэта і спосаб паказаць сілавікам, наколькі ён ім давярае. Наколькі давярае ня нейкаму аднаму чалавеку, а ўсім сябрам Рады бясьпекі. І нейкі калектыўны орган пасьля ягонай гібелі ўвядзе надзвычайнае становішча, абароніць Беларусь ад ворага.
  • Калі браць абстрактна, калі ў дыктатуры кіраўнік аддае права нейкім іншым кіраваць, у любой іншай абстрактнай сытуацыі, дык гэтыя людзі атрымліваюць добрыя магчымасьці. І гэта супярэчлівае рашэньне Лукашэнкі з пункту гледжаньня ягонай асабістай бясьпекі.
  • Лукашэнка чытае дакумэнты спэцслужбаў, а там — пра тое, што пра яго гавораць людзі. А тое, што яны гавораць, мы і ў этэры ня можам паўтарыць. І ў яго складаецца карціна сьвету, што вакол ворагі, якія хочуць пазбавіць яго жыцьця.
  • Зь зімы няма масавых пратэстаў, але такое ўражаньне ад рэакцыі Лукашэнкі і старшыні КДБ, што лінія фронту праходзіць побач. Магчыма, гэта нагнятаньне для працягу рэпрэсіяў.
  • Чаму людзі не падтрымалі заклік Паўла Латушкі выйсьці 9 траўня? Мы ведаем і пра іншы заклік, заклік Зянона Пазьняка не выходзіць, што гэта падставіць патрыятычных беларусаў. Але калі б людзі адчулі, што нешта пачалося — яны б выйшлі. Рэпрэсіі прымушаюць людзей задумацца над коштам выхаду на вуліцы. Але і кошт ігнаруецца і людзі выходзяць, калі яны бачаць мэту, бачаць сэнс. У закліку Латушкі была ідэя, што вось людзі выйдуць, іх, канешне, будуць хапаць, і мы пабачым, які Лукашэнка. Але большасьць палічыла, што і бяз гэтага вядома, якая ўлада ў Беларусі. І ня трэба дзеля гэтага прыносіць нейкія новыя ахвяры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітычны запавет Аляксандра Лукашэнкі

Навумчык:

  • Трэба памятаць, што Лукашэнка ня ёсьць легітымна абраным прэзыдэнтам. Але ён працягвае кіраваць, сярод іншага, сілавымі структурамі.
  • Давайце называць рэчы сваімі імёнамі. Масавыя пратэсты задушаныя. Пратэсты ў тым выглядзе, з выхадам сотняў тысяч, якія ўразілі плянэту — яны патопленыя ў крыві (прычым кроў — гэта не мэтафара і не гіпэрбала). Але пратэставыя настроі нікуды ня зьніклі. І калі КДБ даносіць да Лукашэнкі хаця б палову таго, што кажуць пра яго людзі — у Лукашэнкі ствараецца апакаліптычная карціна. І гэтая карціна цалкам рэалістычная. Масавыя пратэсты задушаныя — але ў яго ўсё больш няўпэўненасьці.
  • А далей адбываецца вось што. Лукашэнка не прымае ніякія дэмакратычныя формы, ён ня можа дапусьціць у сваім уяўленьні, што ўлада павінна зьмяняцца дэмакратычным шляхам, праз выбары. Ён ня можа ўявіць, што людзі хочуць яго зьмясьціць праз выбары, ён усіх мерае па сабе. Значыць, калі яго хочуць зьмясьціць — яго хочуць забіць, думае ён.
  • Калі б ЗША хацелі сьмерці нейкага прэзыдэнта — паверце, яны б гэта зрабілі так, што ні пра якое гвалтоўнае забойства ніхто б не падумаў: інфаркт, інсульт, яшчэ штосьці. Але гэтага ня будзе. Па той простай прычыне, што ў 1972 прэзыдэнт Ніксан падпісаў закон, які забараняе спэцслужбам забойствы замежных лідэраў. У ЗША законы выконваюць.
  • Гэтая антызаходняя гістэрыя зь нібыта плянамі ЦРУ мне нагадвае, як тое самае ЦРУ абвінавачваюць у развале СССР — хоць не было ў канцы 80-х пачатку 90-х на плянэце ўстановы, якая б болей хацела захаваць СССР, чым ЦРУ. Бо ЦРУ (адпаведна, і Белы дом) баяліся, што ў выпадку распаду СССР ядзерная зброя распаўзецца і кантроль над ёй будзе страчаны. Цяпер адкрытыя архівы Дзярждэпу, Белага дому, пра ўсё гэта можна свабодна пачытаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падпісаў дэкрэт на выпадак сваёй гібелі