6 і 7 траўня ў Жодзіне асудзілі 12 жанчын, затрыманых 24 красавіка ў прыватнай лазьні, паведаміў сайт Ex-press.by.
Іх абвінавацілі ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве з пратэставай сымболікай, хоць людзі сьцьвярджалі, што ніякай сымболікі ў іх не было.
Ніводная з 12 жанчын віны не прызнала. Яны прасілі суд паглядзець відэа з камэраў і рэгістратараў міліцыянтаў, але начальнік Жодзінскага ГАУС Уладзімер Трацюк паведаміў, што камэры няспраўныя і запісаў няма.
Судзьдзі Іван Грынкевіч, Ганна Мукавозчык і Кацярына Якубіцкая пакаралі жанчын штрафамі.
Вольгу Аляксееву, Людмілу Анісімаву, Натальлю Бяляцкую, Іну Чыжонак — 5800 рублёў.
Вольгу Альшэўскую, Алену Гайдук, Вікторыю Кажуру, Натальлю Локіць, Натальлю Сацукевіч, Веру Такарчук, Сьвятлану Шабуню — 2900 рублёў.
Натальлю Котаву — 2320 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Салідарнасьць — гэта сіла і моц». Улады Жодзіна перадумалі забіраць прыёмнае дзіця зь сям’і пасьля затрыманьня на «акцыі ў лазьні»24 красавіка амапаўцы ўварваліся на тэрыторыю прыватнай лазьні ў Жодзіне і затрымалі 22 чалавек, якія там адпачывалі. Затрыманых абвінавацілі ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». У міліцыі склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні, у тым ліку на гаспадара лазьні і ягонага сына.
27 красавіка судзьдзя Ганна Мукавозчык адправіла Яўгена Літвінава і Юрыя Шастака адбываць 15-дзённыя арышты, а Аляксея Казлова і Станіслава Рэпкіна арыштавала на 25 сутак.
Аляксандр Кавалёў і Яўген Шаляпень па рашэнні судзьдзі Івана Грынкевіча будзуць адбываць 25-дзённыя арышты.
Арцём Крот і Сафія Ярмачонак арыштаваныя судзьдзёй Кацярынай Якубіцкай на 15 сутак.
А сына гаспадара лазні Васіля Аўчарэнку арыштавалі паводле арт. 24.3 КаАП на 15 сутак.
Чацьвёра затрыманых мужчын — Аляксандр Кавалёў, Яўген Шаляпень, Станіслаў Рэпкін і Яўген Літвінаў — абвясьцілі галадоўку. У затрыманых дома праходзілі вобшукі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За бел-аранжава-белыя сьняжынкі менчука арыштавалі на 10 сутак