«Злуецца, што суд зрабілі закрытым». Гісторыя Паўла Юхневіча, якому пагражае да 8 гадоў зьняволеньня

Павал Юхневіч

Прыйшоў у палітыку ў 1999, калі меў 14 гадоў, прэвэнтыўна сядзеў на «сутках» у 2010, рыхтуецца да калёніі ў 2021 — актывіста Паўла Юхневіча будуць судзіць у Магілёве.

12 траўня ў Магілёве пачнецца суд па справе Паўла Юхневіча, Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Дзьмітрыя Казлова (блогер Шэры Кот. — РС) і Ірыны Шчаснай. Працэс, як чакаецца, будзе закрыты. Усе абвінавачаныя прызнаныя палітвязьнямі. Расказваем гісторыю Паўла Юхневіча. Яго абвінавачваюць па ч.2 арт.293 КК (удзел у масавых беспарадках).


«Перадала Паўлу сумку для этапу, зараз усе сукамэрнікі зайздросьцяць»


«Я сёньня атрымала ад Паўла ліст, — расказвае яго сяброўка Юлія. — Таксама сёньня ў Паўла быў адвакат. Асабліва новага нічога няма. Павал вельмі злуецца, што суд будзе закрыты. Ён даведаўся пра гэта 30 красавіка. Праз гэта злы. Але ў цэлым задаволены, што ўжо знаходзіцца на фінішнай прамой. Кажа, што для яго перавод у Магілёў быў большым шокам, чым навіна пра закрытае паседжаньне. Бо можна было здагадвацца, што суд зробяць закрытым. А вось чаму працэсы ідуць у Магілёве, ніхто не разумее дагэтуль».

Па словах Юліі, яны з Паўлам перапісваюцца рэгулярна. У абодва бакі прыйшло ўжо больш за 80 лістоў. У Магілёў зь СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску Паўла Юхневіча этапавалі 11 красавіка.

«Павал расказваў, што этап працягваўся з 15 гадзіны да 9 раніцы наступнага дня, — працягвае Юлія. — Я яшчэ падумала, на якіх гэта яны конях яго перавозілі зь Менску ў Магілёў. Але аказалася, што рабілі шмат прыпынкаў. У Жодзіне, потым у Шклове, у Воршы таксама, здаецца. Толькі потым быў Магілёў. Увесь гэты час вязьні знаходзяцца ў кайданках, на перасадках бягом. Я на будучыню Паўлу перадала сумку з больш даўгімі ручкамі, каб можна было на плечы павесіць. Спадзяюся, яна спатрэбіцца яму на этапе ў калёнію. Прынамсі, ён сказаў, што ўсе сукамэрнікі абзайздросьціліся».

На ўмовы ўтрыманьня ў турме № 4 Павал цяпер ня скардзіцца. Кажа, што там яму лепш, чым было на «Валадарцы». Празь зьмену абстаноўкі час ідзе хутчэй. Як мінімум, ёсьць вокны, празь якія можна бачыць вуліцу, а ня толькі чуць, што там адбываецца. Хоць рэжым больш жорсткі. У Магілёве Юхневіча адразу паставілі на прафіляктычны ўлік як схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці, але пакуль гэта не прынесла нейкіх зьменаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто нічога ня робіць, таго і не здымаюць», — былы кандыдат Юхневіч

«З пастарунку забіраць прыяжджала мама»

Павал Юхневіч. 2018 год

Павал Юхневіч актыўна займаўся палітыкай і грамадзкай дзейнасьцю з канца 90-х. У 14 гадоў далучыўся да «Маладога Фронту», затым быў у «Зубры». Непаўналетняга Паўла з пастарункаў вельмі часта забірала маці.

«Мама прыяжджала па мяне, а ў выніку часам забірала яшчэ пяцярых — такіх жа непаўналетніх, —расказваў Павал у праекце Свабоды „Забытыя. Размовы з героямі ўчарашніх дзён“ . — Тата быў „лукашыстам“, але ягоныя сябры „паўплывалі“, і ўрэшце ў 2001 годзе ён ужо галасаваў за адзінага кандыдата».

У 2010 годзе Павал Юхневіч працаваў у штабе Ўладзімера Някляева, хоць раней быў актывістам «Эўрапейскай Беларусі», якая на выбарах падтрымала Андрэя Саньнікава. Пасьля разгону Плошчы 19 сьнежня 2010 году і далейшых падзей Павал Юхневіч паступова адышоў ад палітыкі. Заняўся бізнэсам — гандляваў аўтамабільнымі пакрышкамі і запчасткамі. У другім шлюбе ў Юхневіча нарадзіліся дзьве дачкі.

У 2019 годзе 35-гадовы тады Юхневіч паспрабаваў балятавацца ў Палату прадстаўнікоў на парлямэнцкіх выбарах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы лідэр вулічнага супраціву: «Не дзялю Беларусь на бел-чырвона-белую і чырвона-зялёную»

«Я ведаю Паўла больш за 10 гадоў, ён ніколі не хацеў зьяжджаць зь Беларусі, — кажа Юлія. — Магчыма, быў пэрыяд пасьля выбараў 2010 году, калі за краты трапіла вялікая колькасьць актывістаў (самога Юхневіча тады затрымалі і асудзілі на „суткі“ прэвэнтыўна, за дзень да выбараў. — РС). Тады ўсе яго сябры альбо сядзелі ў турме, альбо зьехалі. Але потым Павал перастаў думаць пра ад’езд і свайго рашэньня не мяняў да самага арышту».

25 верасьня 2020 году Паўла затрымалі разам яшчэ з трыма актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» — Ягорам Літвінкам, Анастасіяй Кірык і Андрэем Войнічам. Усіх абвінавацілі па 293 артыкуле КК — удзел у масавых беспарадках. Затрыманьне нагадвала сцэну з баевіка — выламаныя дзьверы, разьбітыя вокны. Сілавікі былі ў масках, са зброяй, штурмавалі кватэру адразу зь некалькіх кірункаў. Абвінавачаньне Паўлу прад’явілі 1 красавіка. Спачатку трымалі ў СІЗА № 1 у Менску, пасьля перавялі ў турму № 4 у Магілёве.

«Я была на сустрэчы зь сябрамі, калі пабачыла навіну пра тое, што Паўла зь іншымі актывістамі затрымалі, — узгадвае Юлія. — Напачатку мы ведалі толькі, што ўсіх затрымалі па крымінальным артыкуле. Прыкладна праз тыдзень выставілі абвінавачаньне».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы «Зубровец»: Старыя лідэры апазыцыі, як і Лукашэнка, страцілі сваю актуальнасьць

«Ён ад самага пачатку разумеў, да чаго ўсё ідзе»

Павал Юхневіч. 2018 год.

Па словах сяброўкі, праблем зь візытамі адваката ў СІЗА і перапіскай у Паўла Юхневіча не было. Нязручнасьці ўзьніклі пасьля пераводу ў Магілёў, але яны зьвязаныя з асаблівым турэмным рэжымам, які адрозьніваецца ад парадкаў «Валадаркі».

«Паша піша, што ў асноўным заняты пісаньнем лістоў. Бібліятэка ў Магілёве горшая, чым на „Валадарцы“, — расказвае Юлія. — Перадаваць кнігі туды яму нельга, на жаль. З газэтамі таксама пытаньне. На „Валадарцы“ гэта ўсё прасьцей было, там нават чэкаў на падпіску не патрабавалі. Паша піша, што займаецца спортам. Камэра ў яго не перапоўненая, ёсьць вольнае месца для заняткаў. На Валадарскага ў яго нават быў нейкі спартыўны снарад. Я, праўда, так і не дабілася адказу, з чаго яны яго там зрабілі».

Юлія мяркуе, што Павал хацеў бы выказацца на працэсе. І вельмі хацеў бы пабачыць там сваіх блізкіх, таму закрытасьць суду асабліва злуе палітвязьня. Віну ў прад’яўленых злачынствах прызнаваць Юхневіч катэгарычна адмаўляецца.

«Павал ад самага пачатку разумеў, да чаго ўсё ідзе, — кажа Юлія. — Нейкіх „ружовых“ уяўленьняў пра тое, як усё скончыцца, у яго няма. Разважае над тым, што будзе рабіць у калёніі, як там будзе вучыцца. Мы спрабуем са свайго боку рабіць хоць нешта, каб паўплываць на разьвіцьцё сытуацыі. Падалі скаргу на тое, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Але гэта мае хутчэй нейкі сэнс для нас саміх, чым практычнае значэньне».

Спатканьняў з роднымі за ўвесь час за кратамі Паўлу Юхневічу ні разу не дазволілі. Закрытасьць працэсу блізкія тлумачаць жаданьнем сьледзтва схаваць прабелы, дапушчаныя ў расьсьледаваньні. Матэрыялы справы Юхневіча, Севярынца і іншых ужо часткова агучваліся сьледзтвам у дзяржаўных СМІ.

«Наколькі я ведаю, родныя ўсіх, каго пачынаюць судзіць разам з Паўлам, на першае паседжаньне зьбіраюцца прыехаць у Магілёў, — кажа Юлія. — Але ці ўдасца трапіць у залю, будзе бачна толькі на месцы».

Артыкул, па якім абвінавачваюць Паўла Юхневіча, прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад 3 да 8 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Юхневіч: «У СІЗА было шмат выпадковых людзей, якім далі па 15 сутак нібыта за парушэньне ПДР»