Ігар Лосік быў затрыманы ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году, за кратамі ён ужо 316 дзён.
Справу палітвязьня, якога будуць судзіць разам зь Міколам Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім, ужо перадалі ў Вярхоўны суд. Аднак пакуль невядомая ні дата пачатку працэсу, ні месца, дзе ён будзе адбывацца.
«Ігар пакуль у Жодзіне, — расказвае Дар’я Лосік, якая ў пятніцу 7 траўня адвозіла мужу чарговую перадачу. — На здароўе, здаецца, ня скардзіцца. Ёсьць станоўчая навіна — яму прынесьлі 25 лістоў. Цэнзура крыху разрадзілася. Навінаў, датычных справы, суду, пакуль няма. Справу перадалі ў Вярхоўны суд для вызначэньня падсуднасьці. Я так разумею, ён ужо будзе вырашаць — пакідаць справу тут ці накіроўваць у іншае месца. Калі справа застанецца ў Вярхоўным судзе, то працэс пройдзе ў Менску».
Па словах Дар’і Лосік, перадачы для Ігара прымаюць безь пярэчаньняў і праблем. Прэтэнзій наконт гэтага яна ня мае. На мінулым тыдні Дар’я атрымала тры лісты ад мужа. Яны не даходзілі амаль месяц.
«Па зьмесьце лісты даволі нэўтральныя, — кажа Дар’я Лосік. — І не пазытыўныя празьмерна, але і, прынамсі, не пэсымістычныя. Ігар вельмі перажывае, што суд прызначаць дзесьці далёка. І што мне тады будзе цяжка туды езьдзіць. Я адказала яму, што дзе б ён ні быў, даеду туды ў любым выпадку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справу Статкевіча, Ціханоўскага, Лосіка, Папова, Сакава і Цыгановіча перадалі ў Вярхоўны суд ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З нагоды Сусьветнага дня свабоды прэсы прэзыдэнт РСЭ/РС Джэймі Флай нагадаў пра беларускіх журналістаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замбавалі» пратэстоўцаў. Выйшаў фільм БТ з прэтэнзіямі да зняволеных блогераўКрымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.