«Вучыць польскую мову і шмат чытае»
Заснавальніцу «Прэс-клюбу» Юлію Слуцкую трымаюць за кратамі з 22 сьнежня, яна сядзіць на «Валадарцы». Вінавацяць вядомую журналістку ў нясплаце падаткаў у вялікім памеры. 23 красавіка сьледзтва па справе працягнулі яшчэ на 2 месяцы. Пра гэта яе дачка Аляксандра даведалася ад абаронцы. Аляксандра адзначыла, што цягам двух тыдняў да гэтага ад маці не было лістоў, што яе ўжо не зьдзівіла.
«У іх нібы практыка такая: чамусьці як працяг справы, дык перад гэтым зьнікае ліставаньне. А потым зноў аднавілася. Мы стараемся пісаць адна адной кожны дзень. Маці трымаецца. Пра яе настрой ведаю, што працягвае верыць у вызваленьне. Але не засяроджваецца на пэўнай даце, а жыве станоўчымі эмоцыямі, якія ўдалося атрымаць цяпер. Прагулка, неба над галавой — ужо магчымасьць падняць настрой. Гэтак псыхалягічна лягчэй.
Бо ўмовы ў яе складаныя. У камэры 8 чалавек, людзі цікавыя, але кураць. Вольнага месца вельмі мала. Нядаўна падсялілі жанчыну, у якой ВІЧ, а з гэтай прычыны слабы імунітэт. Яна была прастуджаная, і ад яе ўсе падчапілі нейкую прастуду. Але гэта не „карона“, мама на яе раней перахварэла. Цяпер пачуваецца нармальна.
Два разы на дзень працягвае рабіць трэніроўкі, другую праводзіць падчас прагулкі, у турэмным дворыку. Але гэта не такі вялікі дворык, як у амэрыканскіх фільмах, а маленькая пляцоўка паміж бэтоннымі сьценамі, па цэнтры — часта лужына, бегчы можна толькі на месцы.
Яшчэ ведаю, што шмат чытае, піша і вучыць польскую мову, якой навучае Анжаліка Борыс, актывістка з Горадні», — расказала дачка Юлі Слуцкай Аляксандра.
Паводле Аляксандры, за 4 месяцы, як яе маці пад вартай, зь ёй правялі толькі два допыты, і тыя на самым пачатку.
«Цяпер проста сядзіць. Нечага чакаюць, ці што? Ня ведаю», — кажа Аляксандра пра сьледзтва.
Кожны дзень, акрамя панядзелка, Аляксандра носіць маці на «Валадарку» харчовую перадачу — суп, гародніну, садавіну, якую дазваляюць. Адначасова Аляксандра апякуецца братам Пятром, апэратарам Прэс-клюбу, якога таксама трымаюць на «Валадарцы» як фігуранта той жа справы аб падатках.
Усяго па гэтай справе праходзяць 5 супрацоўнікаў «Прэс-клюбу». Вядома, што яшчэ ўзімку сваякі затрыманых пералічылі на рахунак Сьледчага камітэту ў якасьці магчымай кампэнсацыі стратаў суму, у эквіваленце большую за 42 тысячы даляраў. Сваякі адзначалі, што гэта ня сьведчыць аб прызнаньні віны, але неабходна для верагоднай зьмены меры стрыманьня. Аднак для Юліі Слуцкай, як і для яе сына Пятра, мера стрыманьня дагэтуль ня зьмененая. Паводле Аляксандры, зь яе братам Пятром Слуцкім за 4 месяцы на «Валадарцы» ўвогуле не было ніводнага сьледчага дзеяньня.
Праваабаронцы прызналі Юлію Слуцкую і яе затрыманых калег па «Прэс-клюбу» палітычнымі вязьнямі.
«Частка лістоў не даходзіць, гэта цэнзура»
Журналіст і мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў быў затрыманы 12 студзеня і пасьля адседкі на Акрэсьціна ўтрымліваецца ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага. Аляксандрава вінавацяць паводле 342 артыкула аб арганізацыі і падрыхтоўцы да дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.
Андрэем апякуюцца бацькі і сябры, сярод іх журналіст Дзьмітрый. Ён рэгулярна лістуецца зь сябрам і перадае яму харчовыя перадачы.
«Што набыў? Сала зь мяснымі пражылкамі, як ён любіць, кавалак вэнджанай каўбасы, гародніну і садавіну, якую можна, бо ня ўсё, што хочацца ўкласьці, дазваляюць. Андрэй просіць не перадаваць салодкага, бо там магчымасьцяў рухацца няшмат, хоча трымаць сябе ў форме. Ён ня курыць, хоць раней прасіў перадаваць яму цыгарэты, відаць, для абмену, але цяпер ужо ня просіць. У яго добры настрой, не маркоціцца. Выпісаў яму „Новы час“ і „Беларусы і рынак“, чытае кнігі, глядзіць тэлевізар. Цяпер у камэры 4 чалавекі, раней было 8. Адносіны з усімі нармальныя».
Дзьмітры кажа, што ліставаньне з Андрэем ідзе зь перапынкамі.
«Мы з жонкай яму пішам, але дакладна ня ўсе лісты даходзяць, бо на некаторыя пытаньні адказаў не атрымліваем. Мяркую, гэта цэнзура. Таму стараемся нічога не пісаць такога, каб не нашкодзіць. Ведаю, што ўжо больш за 2 месяцы ніякія сьледчыя дзеяньні зь ім не вядуцца, а чаму гэтак — невядома», — расказаў Дзьмітрый, сябра журналіста Андрэя Аляксандрава.
Разам з Андрэем Аляксандравым міліцыянты затрымалі ягоную сяброўку Ірыну Злобіну. Паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў Юрыя Казакевіча, Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна нібыта займаліся фінансаваньнем пратэставай актыўнасьці, са жніўня Андрэй аплаціў 250 штрафаў пратэстоўцам, грошы нібыта браліся з фонду BY.Help. Вядома, што Андрэй віны не прызнае.
Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна беларускімі праваабаронцамі прызнаныя палітвязьнямі. Пасьля 12 траўня стане вядома, ці працягнулі сьледзтва па справе Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай.
«Двойчы зьвярталася па спатканьне, але марна»
Жонка гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына Вольга толькі ў канцы сакавіка, праз больш як 2 тыдні ад затрыманьня мужа, пачала рэгулярна атрымліваць яд яго зьвесткі з турмы. А трымаюць Дзяніса Івашына ў горадзенскім сьледчым ізалятары, што ў будынку старажытнага кляштара. Вольга вельмі непакоіцца пра здароўе Дзяніса, бо ўмовы ў гэтым будынку лічыць «ня лепшымі».
«Піша, што ў камэры холадна. Зразумела, старыя тоўстыя сьцены, мала паветра, вільгаць. Раней выводзілі на прагулкі, цяпер ня ведаю. У камэры 6 чалавек, усе па крымінальных артыкулах, але кажа, што адэкватныя людзі, канфліктаў няма», — расказала Вольга пра ўмовы, у якіх знаходзіцца яе муж. Пры гэтым жанчына адзначае, што настрой мужа за час арышту «трошку зьмяніўся».
«Спачатку супакойваў, што вось-вось выйдзе, цяпер больш спакойны, відаць, прызвычаіўся да таго, што прыйдзецца пацярпець. Больш непакоіцца пра мяне і маці, увесь час пытаецца, як мы», — кажа Вольга.
Жонка Дзяніса Івашына прызналася, што для яе цяпер востра паўстала фінансавая праблема, бо яна не працуе, глядзіць старэйшых у сям’і.
Дзяніса Івашына ў турме рэгулярна наведвае адвакат, але не для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях, мяркуе Вольга.
«Па кошце юрыдычных паслугаў бачу, што гэта проста візыты, ніякія ня допыты. То бок нічога ў справе не адбываецца. І меры стрыманьня не мяняюць. Двойчы зьвярталася да сьледчага, каб хаця б дазволіў спатканьне, але марна. Адказаў, што нібыта няма прычыны. Цяпер чакаю 12 траўня. Будзе 2 месяцы, і можа што зьменіцца зь мерай стрыманьня», — спадзяецца Вольга Івашына.
Дзяніс Івашын — пазаштатны карэспандэнт газэты «Новы час». Таксама Дзяніс займаўся ўласнымі журналісцкімі расьсьледаваньнямі, у тым ліку дасьледаваў дзейнасьць прарасейскіх структур, якія, на ягоную думку, зьвязаныя з рэстарацыяй «Поедем поедим», што каля Курапатаў. Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Паводле афіцыйнай інфармацыі, журналісту інкрымінуюць 365 артыкул Крымінальнага кодэксу аб умяшаньні ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, але ў чым канкрэтна падазраецца Дзяніс Івашын, ягоным сваякам дагэтуль невядома.
Дзяніс Івашын таксама прызнаны палітвязьнем.