Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да журналіста Івашына ў карцар пусьцілі адваката. Маці палітвязьня назвала абыходжаньнем зь ім катаваньнем


Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Палітычнаму зьняволенаму Дзянісу Івашыну ў СІЗА далі 7 дзён карцару. Там вельмі халодна.

Адвакат журналіста Дзяніса Івашына 3 траўня наведала яго ў карцары горадзенскай турмы № 1, паведаміла БелаПАН маці зьняволенага Людміла Івашына.

Адвакатка расказала, што ў камэры вельмі халодна. Вызваліць яго з карцара павінны ў чацьвер а 17-й гадзіне. Яму далі 7 сутак карцару зь нейкіх бытавых прычынаў.

«Я лічу, што гэта катаваньні, і на гэта трэба рэагаваць», — заявіла Людміла Івашына.

На пытаньне, як Дзяніс сябе адчувае, яна паведаміла, што ў яго нармальны настрой, ён разумее сытуацыю. Пры гэтым яна падкрэсьліла, што зь яе сынам ніякіх сьледчых дзеяньняў не вядзецца.

«Абсалютна нічога ня робіцца, яго проста пазбавілі волі з мэтай, каб ён нічога не пісаў і не даносіў людзям праўду, як я гэта разумею», — адзначыла маці палітвязьня.

Івашына затрымалі ўвечары 12 сакавіка ў яго горадзенскай кватэры і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. У той жа дзень сілавікі правялі ператрусы ў кватэры журналіста, дома ў маці Івашына, а 15 сакавіка адбыўся ператрус у яго 95-гадовай бабулі.

Івашына папярэдне арыштавалі на 2 месяцы. 19 сакавіка яму прад’явілі абвінавачаньне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэксу «Ўзьдзеяньне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай зьмены характару яго законнай дзейнасьці шляхам абвяшчэньня зьвестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы».

Беларускія праваабаронцы адзначаюць, што журналісцкія расьсьледаваньні Івашына, а менавіта падрыхтоўка сэрыі публікацый аб праходжаньні службы былых супрацоўнікаў спэцыяльнага падразьдзяленьня ўкраінскай міліцыі «Беркут» у складзе беларускага АМАПу перасьледвалі легітымную мэту давядзеньня да ведама людзей інфармацыі, якая мае сацыяльную значнасьць. Інфармацыя для правядзеньня расьсьледаваньня бралася з адкрытых крыніц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG