Віталь Макаранка мае від на жыхарства ва Ўкраіне, дзе пражывае ягоная сям’я.
«Від на жыхарства дазваляе знаходзіцца ва Ўкраіне, а статус уцекача абараняе ад выдачы лукашэнкаўскім уладам, якія ўжо мне надалі статус абвінавачанага ў справе пра так званы дзяржаўны пераварот і замах на Лукашэнку, і больш за тое — ужо завочна арыштавалі і паведамілі, што будуць прасіць (Украіну) аб экстрадыцыі. Таму я вырашыў зьвярнуцца па дапамогу да ўкраінскай дзяржавы», — сказаў Свабодзе Віталь Макаранка.
Адначасова ён плянуе разам са сваім адвакатам зьвярнуцца да Офісу генэральнага пракурора Ўкраіны, каб, з аднаго боку, паведаміць аб палітычных матывах крымінальнай справы супраць яго ў Беларусі і хадайнічаць аб нявыдачы, а зь іншага — атрымаць інфармацыю пра запыт на экстрадыцыю.
«Справа відавочна палітычная і сфальшаваная. Я нават ня ведаю, што беларускі бок можа напісаць у запыце. Мне цікава было б гэта пачытаць, бо я не рабіў аніякіх дзеяньняў, якія можна характарызаваць як змову ці замах», — дадаў ён.
Віталь Макаранка не выключае, што яго ўключылі ў пералік фігурантаў справы з мэтай раскруціць «украінскі сьлед».
«Цяпер з Украінай такія канфрантацыйныя дачыненьні... І ў сувязі з тым, што я значную частку свайго часу праводзіў ва Ўкраіне, у мяне тут жыве сям’я, напэўна, хацелі раскруціць на ўкраінскі сьлед. Інакш я не разумею, навошта я ім быў патрэбны».
Віталь Макаранка з сумневам ставіцца да прызнаньня віны іншымі фігурантамі гэтай справы. «У вязьніцы КДБ, напэўна, прызнацца можна ў чым заўгодна», — мяркуе ён.
Ён перакананы, што цяперашні КДБ працягвае традыцыі рэпрэсіўных органаў савецкага часу. «У іх жа дагэтуль у кабінэтах вісяць партрэты Дзяржынскага, таму яны свой „радавод“ вядуць ад ЧК, ВЧК і НКВД. Вядома, мэтады за амаль за сто гадоў удасканалілі, але, мяркую, прынцыповай розьніцы няма. Тады людзі прызнавалі, што яны агенты дзесяці выведак і рыхтавалі замахі на таварыша Сталіна і ўсё Палітбюро. Таму, як там зь імі працуюць — мы нічога ня ведаем, фактычна апэруем толькі той інфармацыяй, якую падае дзяржаўны бок, а што там насамрэч адбывалася і адбываецца, мы ня ведаем».
Акрамя Віталя Макаранкі, абвінавачваньні ў змове ці іншых дзеяньнях, учыненых для захопу дзяржаўнай улады (ч.1 арт. 357 КК), выстаўленыя:
- Аляксандру Фядуту (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
- Юрыю Зянковічу (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
- Рыгору Кастусёву (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
- Вользе Галубовіч (знаходзіцца ў СІЗА КДБ),
- Дзьмітрыю Шчыгельскаму,
- Аляксандру Перапечку,
- Паўлу Кулажанку,
- Ігару Макару.
6 траўня стала вядома пра затрыманьне 35-гадовага дальнабойшчыка з Нарачы Дзяніса Краўчука — па артыкуле 357 Крымінальнага кодэксу «Змова ці іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
КДБ накіраваў запыты аб прававой дапамозе ў ЗША, аналягічныя запыты зьбіраецца адправіць у Літву і Ўкраіну. Камітэт дзяржбясьпекі хоча, каб астатніх абвінавачаных выслалі ў Беларусь. Пракуратура ўжо завочна пастанавіла ўзяць іх пад варту.