Яніна таксама паведаміла, што атрымала паперы, у якіх гаворыцца пра накладаньне арышту на дом у Бабры, у якім жыве сям'я Пушкіна і які належыць Пушкіну. Арышт робіцца на падставе пастановы сьледчага Ўпраўленьня ўнутраных спраў па Горадзенскай вобласьці.
Гэта ўжо 16-ты суд Пушкіна па адміністрацыйных справах за ўвесь час.
Таксама Алесю Пушкіну двойчы афіцыйна і настойліва прапанавалі самому напісаць заяву аб звальненьні зь «Белрэстаўрацыі».
«Я адмаўляюся, няхай звальняюць самі па якой заўгодна прычыне. Пакуль на 23 красавіка я яшчэ работнік, мастак-рэстаўратар „Белрэстаўрацыі“», — піша Алесь.
Алесь Пушкін піша, каб Яніна прыяжджала толькі на першы дзень суду і больш ня езьдзіла.
«Суд будзе доўгім і нудным. Перадачы не перадавайце, бо глупства жулікаў карміць, што са мною сядзяць, — піша Алесь Пушкін. — Усё трэба дзецям, бо цяжка будзе і за Марыльку плаціць штомесяц у ліцэі, і Міколка паступіць, вучыць яго».
Таксама Алесь піша, што ў канцы сьледзтва аддадуць забраныя рэчы: кампутар, тэлефоны Яніны і сына Міколы.
«Паводле сьледчага, суд будзе месяцаў празь пяць, — кажа Яніна. — Калі гэтую справу прычапілі да „польскай справы“, то гэта ж трэба „ізашчрыцца“, каб усё гэта зьвязаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы ліст ад Алеся Пушкіна сям’я атрымала амаль празь месяц, як палітвязень у турме. Жонка падазрае, што перапіску блякуюцьУ мінулую пятніцу да Алеся Пушкіна ў менскае СІЗА ўпершыню пусьцілі адваката.
«Яна сказала, што Алесю ў Менску спадабалася нават больш, чым у Горадні. Кажа, не хвалюйцеся».
Алесь Пушкін таксама даслаў асобныя лісты дзецям.
«Прыйшлі чатыры лісты, адзін дачцэ, другі сыну, трэці мне і адзін агульны. Таксама ў лістах Алесь дае „ЦУ“: двор касіць, туалет прыбіраць, дровы рыхтаваць», — кажа Яніна.
Яніна ўдзячная за салідарнасьць, якую выказваюць сям’і.
«Сябры, валянтэры адгукаюцца, усе праяўляюць салідарнасьць і мне дапамагаюць, зрабілі дастаўку харчоў. Тэлефануюць нават незнаёмыя людзі і пытаюцца, чым дапамагчы», — кажа Яніна Пушкіна.
Пушкін пагаліўся
Палітвязьня Алеся Пушкіна ўтрымліваюць у менскім СІЗА № 1 на Валадарскага.
Актывіст з Гомля Ільля Міронаў напісаў у фэйсбуку, што атрымаў ад Алеся Пушкіна малюнак з аўтапартрэтам. Ліст быў напісаны мастаком яшчэ ў гарадзенскім СІЗА. Паводле Алеся Пушкіна, калі ў яго зьявіліся вошы, то «давялося прыняць радыкальныя меры». З малюнка відаць, што мастак пагаліў галаву.
«Цяпер я ў спэцоўцы „Белрэстаўрацыя“, якую мне пасьпелі ўкінуць у міліцэйскую машыну пры арышце 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы, у палацы Булгака, дзе я працаваў», — піша Пушкін.
У чым вінавацяць Алеся Пушкіна
30 сакавіка мастака затрымалі ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну, дзе ён працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў. Цяпер яго ўтрымліваюць у горадзенскім ізалятары, ён фігурант крымінальнай справы, якую пачала горадзенская пракуратура паводле ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паводле пракуратуры, «за ўчыненьне наўмысных дзеяньняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму».
Падставай для гэтага стаў партрэт антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара «з аўтаматам на плячы», які быў выстаўлены ў прыватным «Цэнтры гарадзкога жыцьця» ў Горадні. Спачатку Алеся Пушкіна зьмясьцілі ў горадзенскі СІЗА, а потым перавялі ў Менск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны думаюць над Пушкіным зрабіць паказальны суд». Мастак Алесь Пушкін амаль месяц у ізалятары ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастака Алеся Пушкіна прызналі палітвязьнем, усяго такіх ў Беларусі ўжо 323 ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта быў ня вобшук, а пагром». Жонка пра ператрус і затрыманьне Алеся Пушкіна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Забралі ўсе кнігі і плякаты на польскай мове». Мастак Алесь Пушкін пра сваю крымінальную справу