«Рэжым Лукашэнкі крадзе грошы ў беларусаў»,— Цапкала абвінаваціў улады ў вывадзе бюджэтных сродкаў у афшоры. ВІДЭА

Валер Цапкала ў студыі Свабоды. Кіеў, ліпень 2020 году.

«Зь Беларусі апошнім часам пачаўся інтэнсіўны вывад грошай, рэжым адчувае набліжэньне свайго канца»,— мяркуе Валер Цапкала.

На сваім акаўнце ў YouTube апазыцыйны палітык Валер Цапкала, які летась спрабаваў узяць удзел у выбарах прэзыдэнта, але вымушыны быў эміграваць зь Беларусі, апублікаваў сваё расьсьледаваньне аб прычынах эканамічных праблем краіны, у прыватнасьці ён згадвае «Беларуськалій», прадпрыемствы, якія, паводле ягоных слоў цяпер даводзяцца да банкруцтва, а найбольш падрабязна ён спыніўся на дзейнасьці дата-цэнтра beCloud.

У beCloud абавязаныя захоўваць зьвесткі ўсе дзяржаўныя структуры Беларусі і ўсе прадпрыемствы, у якіх доля дзяржавы больш за 50%. За гэта яны плацяць дата-цэнтру. Кіруе ім Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Лукашэнку.

Адзін з уладальнікаў beCloud — кіпрскі афшор Sabsicca Holdings, які ў сваю чаргу належыць іншым афшорам — ён павінен быў праінвэставаць у сумеснае прадпрыемства 20 мільёнаў даляраў. Але замест інвэстыцый, распавядае Цапкала, beCloud узяў пазыку ў памеры 470 тысяч даляраў.

За 2016-2018 гады, паводле зьвестак Цапкалы, кампанія не толькі вярнула пазыку свайму саўладальніку, але яшчэ выплаціла дывідэнды больш за 11 млн даляраў, гэта значыць таму ж кіпрскаму афшору.

Паводле яго слоў, нэгатыўныя паказчыкі ключавых дзяржпрадпрыемстваў Беларусі выкліканыя не каньюнктурай, а маштабным вывадам капіталаў, які паскорыўся ў апошнія месяцы.

«Зь Беларусі апошнім часам пачаўся інтэнсіўны вывад грошай, рэжым адчувае набліжэньне свайго канца. Рэжым Лукашэнкі крадзе грошы беларусаў»,— такую выснову робіць Валер Цапкала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Можа адбыцца сцэнар МММ». Былы дарадца Савету бясьпекі пра сытуацыю з дэпазытамі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склаў 12 мільёнаў рублёў. Чым гэта пагражае?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб сумленьне было чыстае і ты не фінансаваў гвалт». Як беларусы байкатуюць тавары кампаніяў, зьвязаных з рэжымам