Якія партыі дазволіць беларуская ўлада? Навошта ўрад падпісаў 26 інтэграцыйных «мапаў»? Наколькі шчыльнай будзе інтэграцыя Беларусі і Расеі?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітоляг Валер Карбалевіч і кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі.
Карбалевіч
- Лукашэнка паказаў, што ёсьць «чырвоная лінія» ў беларуска-расейскім збліжэньні, далей за якую ён ня хоча пускаць Расею ў Беларусь
- І дагэтуль была інтэграцыя ў эканамічнай, інфармацыйнай, вайсковай сфэрах
- Але любыя спробы Расеі ўплываць на ўнутрыпалітычнае жыцьцё Беларусі жорстка прыпыняліся
- Палітыкаў, якія мелі сувязі з Расеяй, каралі больш жорстка, чым праэўрапейскіх
- Узгадайце лёс Міхаіла Марыніча і Аляксандра Казуліна
- Пытаньне рэгістрацыі «Саюзу» — гэта быў тэст
- Лукашэнка шмат у чым гатовы ісьці насустрач Расеі
- Але на тое, каб Расея атрымала магчымасьць наўпрост уплываць на ўнутраную палітыку — уключылі стоп-сыгнал
- Лукашэнка выбірае з «мэню» магчымых саступак Расеі
- У яго цяпер большая свабода рук
- Калі б пытаньне пра рэгістрацыю прарасейскай партыі паўстала ў канцы жніўня ці на пачатку верасьня летась, магчыма, тады зь яго можна было гэта выціснуць
- Лукашэнка ўзяў сытуацыю пад кантроль, і фактар вуліцы мінімізаваўся
- У самой Расеі шмат што адбылося — гісторыя з Навальным, пратэсты, абвастрэньне канфлікту з Захадам
- У Пуціна звузілася свабода выбару
- Інстынкт самазахаваньня штурхае яго да падтрымкі беларускага рэжыму
- У 2019 годзе, калі быў першы раўнд перамоваў па «дарожных мапах», усё уперлася ў 31-ю «мапу», якая прадугледжвала палітычную інтэграцыю
- У 2019 годзе беларускі бок прапаноўваў падпісаць тое, што бакі ўзгаднілі, а Расея ўзамен вярнула б усе адабраныя льготы
- Але Масква адмовілася, сказаўшы — не, толькі ў адным пакеце, але ўсе «мапы» альбо нічога
- Я ня згодны з тым, што для Расеі інтэграцыя ўжо неактуальная
- Расея зацікаўленая ў тым, каб эканамічна больш шчыльна прывязаць Беларусь да сябе
Сівіцкі
- Адмовай у рэгістрацыі «Саюзу» Лукашэнка паказаў, што не пацерпіць умяшаньня Расеі ва ўнутрыпалітычныя справы Беларусі
- Ён падкрэсьлівае, што адзіны прарасейскі палітык у Беларусі — гэта ён сам
- Няпярэдадні леташняй выбарчай кампаніі было відавочна, што Расея гуляе ўдоўгую
- І яе мэтай была зьмена палітычнага ляндшафту Беларусі
- У дакумэнтах аднаго з дэпартамэнтаў адміністрацыі прэзыдэнта РФ, абнародаваных The Insider, размова ішла пра стварэньне не адной прарасейскай партыі, а пра некалькі, якія б паважалі інтарэсы Расеі
- У гэты спэктар магла б упісацца і партыя Віктара Бабарыкі
- Можа, таму Лукашэнка так жорстка і абышоўся з Бабарыкам
- Крэмль зразумеў, што няма мяккіх інструмэнтаў, якія б прымусілі Лукашэнку пачаць канстытуцыйную рэформу
- Мая гіпотэза, што яны будуць дзейнічаць больш жорстка
- Паказальная гісторыя выкарыстаньня амэрыканскіх санкцыяў як нагоды для прыпыненьня паставак нафты на беларускія НПЗ
- Саступкі Расеі ў эканамічнай і вайсковай сфэрах, якія былі зробленыя, не падрываюць манаполію Лукашэнкі на ўладу і на сілу
- Цалкам аддаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць ён не зьбіраецца
- Цяпер Расеі інтэграцыйны праект нецікавы
- У 2019 годзе Расея прапаноўвала фактычна стварэньне канфэдэрацыйнай дзяржавы, гэта было зьвязана са сцэнарамі транзыту ўлады ў Расеі
- Калі Лукашэнка адмовіўся, у Расеі запусьцілі сцэнар «абнуленьня» прэзыдэнцкіх тэрмінаў Пуціна
- Да канца 2019 году Расея была гатовая плаціць за інтэграцыю
- Цяпер пра гэта забылі
- Беларускі бок ня ведае, што ён атрымае за паглыбленьне інтэграцыі
- Кіраўніцтва Беларусі зноў можа трапіць у пастку, у якую трапіла, падпісваючы ў 2010-2011 гадах інтэграцыйныя паперы і маючы неймаверныя чаканьні
- Крэмль не выконваў свае абавязаньні па гэтых паперах, фармальныя і нефармальныя
Што было напярэдадні
- Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі прарасейскай партыі «Саюз» на чале зь Сяргеем Лушчом
- Афіцыйны Менск завізаваў і перадаў Маскве праекты 26 інтэграцыйных «дарожных мапаў»
- Прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што засталося ўзгадніць дзьве «мапы». Паводле яго, гэта «можа здарыцца і празь месяц, два, тры, і праз шэсьць»
- 27 красавіка беларускі амбасадар у Маскве Ўладзімер Сямашка выказаў меркаваньне, што астатнія дзьве «мапы» могуць падпісаць у верасьні-кастрычніку