У мінэральнай ваце і калійных угнаеньнях. Новыя факты маштабнай кантрабанды цыгарэт зь Беларусі

Кантрабандныя цыгарэты зь Беларусі, знойдзеныя на польскай мяжы.

У Польшчы затрымалі грузавік з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі на 2,5 млн даляраў.

Супрацоўнікі Падляскага аддзяленьня Нацыянальнага падатковага ўпраўленьня Польшчы (KAS)прадухілілі кантрабанду 653 тысяч пачкаў беларускіх цыгарэт, паведамляецца на сайце адміністрацыі.

У пункце пропуску Будзіска на польска-літоўскай мяжы затрымалі грузавік, які, па дакумэнтах, вёз у Нямеччыну партыю мінэральнай ваты. Падчас агляду транспарту супрацоўнікі KAS знайшлі за грузам схаваныя кантрабандныя цыгарэты беларускай вытвочасьці амаль на 10 млн злотых (2,5 млн даляраў). Адзначаецца, што ў выпадку збыту нелегальнага тавару страты польскай казны склалі б 16 млн злотых (каля 4,2 млн даляраў).

Кіроўца грузавіка, грамадзянін Літвы, на запыт пракуратуры ў Сувалках затрыманы на 3 месяцы, яму пагражае пазбаўленьне волі да 10 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская мытня спыніла чарговую партыю кантрабандных цыгарэт зь Беларусі на 2,48 мільёна даляраў

Рэкордная кантрабанда датаваная сёлетнім лютым, калі ў Польшчу зь Беларусі спрабавалі перавезьці 1 млн 800 тысяч пачак беларускіх цыгарэт на 7,5 млн даляраў.

Тым часам літоўскія памежнікі выявілі беларускія цыгарэты ў вагоне грузавога цягніка, які рухаўся зь Беларусі ў Клайпеду, паведамляе , паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 100 тысяч пачак беларускіх цыгарэт залілі бэтонам, каб нелегальна правезьці ў Літву

Пры праверцы цягніка на станцыі Вайдатай ў вагоне з угнаеньнямі прадпрыемства «Беларуськалій» знайшлі 30 тысяч пачкаў цыгарэт зь беларускімі акцызнымі маркамі. Кошт нелегальнага грузу ацэньваецца ў 112 тысяч эўра.