Прэзыдэнт можа вярнуць мандат Кнэсэту — парлямэнту Ізраілю. У гэтым выпадку Кнэсэт будзе распушчаны і ў краіне павінны будуць прайсьці новыя парлямэнцкія выбары, пятыя за два гады. Рыўлін таксама можа перадаць мандат новаму кандыдату на фармаваньне ўраду. На гэта адводзіцца 28 дзён.
Адным з кандыдатаў можа стаць Яір Лапід, кіраўнік партыі «Еш Атыд» («Ёсьць будучыня»). Раней Лапід быў паплечнікам Бэні Ганца, лідэра левацэнтрысцкага блёку «Кахоль лаван» («Сіне-белы»). Нэтаньягу можа рэкамэндаваць прэзыдэнту перадаць мандат праваму палітыку і былому аднапартыйцу Нафталі Бэнэту. Перад апошнімі выбарамі ён арганізаваў сваю партыю «Га-Яміна га-Хадаш» ( «Новыя правыя»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль праводзіць чацьвёртыя парлямэнцкія выбары за два гадыПалітычны крызіс у Ізраілі доўжыцца два гады. За гэты час у краіне чатыры разы праходзілі парлямэнцкія выбары. Пасьля выбараў у красавіку і верасьні 2019 году кааліцыю сфармаваць не ўдалося.
Пасьля выбараў у сакавіку 2020 году была створаная кааліцыя на чале зь Біньямінам Нэтаньягу. Распалася яна ў сьнежні. Тады партнэры па кааліцыі Нэтаньягу і Ганц не змаглі дамовіцца аб дзяржаўным бюджэце на 2021 год. Нэтаньягу адмовіўся зацьвярджаць бюджэт з прычыны пандэміі каранавірусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль сфармаваў «урад нацыянальнай згоды» пасьля 1,5 года крызісуЗгодна з дамоўленасьцямі, Ганц меўся заняць пасаду прэм’ера восеньню 2021 году. Крытыкі Нэтаньягу сьцьвярджаюць, што прэм’ер ня стаў зацьвярджаць бюджэт, бо хацеў перашкодзіць свайму суперніку ўзначаліць урад.
Апошнія выбары ў Кнэсэт прайшлі ў сакавіку 2021 г. пры рэкордна нізкай яўцы выбарнікаў.
У дачыненьні да Нэтаньягу ў Ізраілі вядзецца судовы разбор у справе абвінавачаньняў у карупцыі. Прэм’ер усе абвінавачаньні ў свой адрас адхіляе.