«Сильные новости» — самы папулярны на Гомельшчыне лякальны партал грамадзка-палітычных навінаў. Ягоны заснавальнік Пятро Кузьняцоў у гутарцы са Свабодай расказаў пра сакрэты посьпеху рэгіянальнага сайту, рэпрэсіі, зазнаныя супрацоўнікамі, перамогі і паразы — 2020, прагноз на 2021 год.
У 2020-м журналістаў «Сильных новостей» затрымлівалі, кідалі на «суткі». У офісу забралі ўсю тэхніку. Але сайт і яго каманда працягнулі працу.
«Ідэалёгію агрэсіі гвалтам дзецям не прышчэпіш — яны ўсё роўна вырастуць разумнымі»
«Я нарадзіўся ў 1981 годзе ў Гомлі. Пайшоў у школу пры БССР. Памятаю першы буквар зь „Ленин жил, Ленин жив, Ленин будет жить“. Атмасфэру савецкай школы я запомніў на ўсё жыцьцё. Гэта, па-мойму, цікавы досьвед: нягледзячы на мэгатоны прапаганды, якая вылівалася на нашы дзіцячыя мазгі, чытаньне прывучыла мысьліць самастойна. У выніку я прыйшоў да поўнага непрыманьня „саўка“.
Сёньня гэта дапамагае мне захоўваць аптымізм наконт нашай будучыні: гляджу на абвешаную чырвона-зялёным сыстэму адукацыі, але ўзгадваю сябе і здаю сабе справу, што ідэалёгію агрэсіі гвалтам дзецям не прышчэпіш — яны ўсё роўна вырастуць разумнымі. У прынцыпе, 2020 год паказаў: што тычыцца нашай моладзі, якая нарадзілася і прайшла поўны адукацыйны цыкл пры Лукашэнку, то я не памыляюся.
Я вучыўся спачатку ў школе № 3 — і гэта быў унікальны досьвед, таму што ў 80–90-х гэта была самая крымінальная школа ў горадзе. Потым — у юрыдычнай клясе гімназіі № 56, затым — на юрыдычным факультэце. Займаўся музыкай — іграў на балалайцы і гітары, шмат езьдзіў на гастролі па замежжы. Захапляўся „Што? Дзе? Калі?“.
Журналістыка была мне цікавая, нават хацеў паступіць у журналісцкую клясу, але бацькі настаялі на юрыдычнай».
«„Сильные новости“ зьявіліся ў выніку даволі складанай гісторыі, вакол якой дагэтуль ёсьць спэкуляцыі»
«З 2004 году я актыўнічаў у шэрагах дэмакратычнага руху. У 2008-м прысутнічаў у якасьці абласнога прадстаўніка адной з дэмакратычных арганізацый у абласной радзе Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Я выступіў там з прапановай стварыць свой інфармацыйны рэсурс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чарнобыль нікуды не сышоў». Прафэсар Бандажэўскі пра новыя дасьледаваньні старой праблемыЯ стварыў сайт odsgomel.org (ODS — ад „Объединенные демократические силы“). Мы пачалі рабіць альтэрнатыўныя навіны, як маглі на той момант. Вялі там блогі — Васіль Палякоў, Леанід Судаленка і я.
Пасьля 8–9 месяцаў працы сайту тая ж рада прапанавала яго закрыць — маўляў, няма рэсурсу падтрымліваць. Хаця, папраўдзе, тады на працу сайту хапала 150 эўра. Праўда, і чыталі яго 60 чалавек у дзень. Я выступіў супраць закрыцьця. Тады мне сказалі, што я магу працягваць весьці сайт, але ў назьве не павінна быць „Объединенные демократические силы“. Тады я зьмяніў расшыфроўку: „ODSgomel.org — Общественно-демократический сайт Гомеля“.
Калі наш сайт дабіўся посьпеху, то людзі, якія яго адкрылі, а потым спрабавалі закрыць, казалі, што ў яго „ўбухалі“ дзясяткі тысяч даляраў, а Кузьняцоў іх скраў. Гучыць сьмешна: дзе „Сильные новости“ з наведвальнасьцю каля мільёна ў месяц, і дзе odsgomel.org часоў кааліцыі зь бюджэтам 150 эўра і наведвальнасьцю 60 чалавек?»
«На посьпех „Сильных новостей“ спрацавала спалучэньне лякальнага і глябальнага»
«Сам брэнд „Сильные новости“ зьявіўся ў 2010 годзе. Назву прыдумала журналістка Тацяна Бублікава. Раней яна працавала ў нас, цяпер — у Naviny.by. У тыя часы яна выконвала абавязкі і галоўнага, і выпускаючага рэдактара, і была галоўным аўтарам. Потым яна сышла, і галоўным рэдактарам стаў Павал Кузьняцоў. Ён працаваў да 2017 году.
У 2014 годзе адбыўся канчатковы рэбрэндынг, і сайт ператварыўся ў „Сильные новости — Gomel.Today“. Гэта быў чыста інфармацыйны праект зь місіяй несьці людзям праўдзівую інфармацыю. Аднак ва ўладаў, па звычцы, захавалася да нас стаўленьне як да «апазыцыйнага» сайта. Я б сказаў, што гэта шкодзіць ім, а ня нам: мы ніколі не адмаўляліся асьвятляць іх пазыцыю, аднак яны ўсімі сіламі пазьбягаюць любога кантакту.
Посьпех „Сильных новостей“ у Гомлі вялікі: сайт мае значны ўплыў і на грамадзкую думку, і на ўлады, і на грамадзянскую супольнасьць. Гэта адбылося дзякуючы таму, што ў свой час ён стаў папулярным.
Посьпеху гэтага праекту спрыялі дзьве рэчы. Мы сталі першым у Беларусі рэгіянальным сайтам навінаў, які пачаў падаваць у сваёй стужцы ня толькі мясцовыя навіны, але і агульнанацыянальныя, і сусьветныя.
Другая рэч — мы першымі прымянілі падыход, які я называю „гіпэрлякальным“. То бок пачалі пісаць ня толькі пра вялікія, але часта сумныя мерапрыемствы, заявы ўладаў ці апазыцыі, але і пра ўсё тое, што атачае нас у межах нашага гораду — аварыі, заторы, прарывы трубаў, пра згубленых сабак. Я гэта называю „навіны нашага двара“.
Мы пачалі пісаць на мясцовым узроўні пра ўсё тое, што тычыцца жыцьця людзей — і гэта спрацавала. Кожнаму цікава ўбачыць у навінах свой двор ці любое месца, дзе ён бывае (чаго ня скажаш пра кабінэты аблвыканкаму, якія існуюць у паралельнай рэальнасьці). Мы пачалі даваць карціну таго, што адбываецца ў Беларусі і ў сьвеце — бо жыхары Гомля жывуць ня толькі ў сваім горадзе, але і ў Беларусі, і на плянэце Зямля. Гэта так проста: людзям, якія заходзілі на наш сайт, прапаноўвалася пачытаць навіны ўсіх узроўняў і скласьці карціну дня, не заходзячы на 7–8 сайтаў.
На спалучэньні лякальнасьці і глябальнасьці „Сильные новости“ здабылі сваю папулярнасьць. Калі мы зрабілі гэта ў 2008–2012 годзе, беларускі інтэрнэт быў зусім іншы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці скончылася беларуская рэвалюцыя? Гутарка ў Клюбе Свабоды«2020 год паказаў, што наша аўдыторыя — надзейная, устойлівая і ляяльная»
«У „Сильных новостей“ даўно няма прытоку аўдыторыі, таму што яна ў нас сфармуляваная і вельмі ўстойлівая. У Гомлі жыве прыкладна 515 тысяч чалавек. Зь іх, калі верыць Google, у месяц нас чытае плюс-мінус 300 тысяч — гэта менавіта чытачы з Гомля. То бок, калі адняць ад 515 тысяч дзяцей, частку пэнсіянэраў, нейкіх асацыяльных асоб, то вы атрымаеце карціну, пры якой хаця б раз намесяц да нас заходзяць усе эканамічна актыўныя жыхары гораду. У цэлым аўдыторыя наша — ад 800 тысяч да 1,2 мільёна: дадаецца вобласьць, Менск і чытачы зь іншых краін.
Мы не прысутнічаем у „Яндекс.Дзен“ ці „Пульс Mail.ru“, таму выпадковых наведнікаў у нас мінімум.
Калі была агульная паніка і хлусьня ўлады вакол COVID-19, наша аўдыторыя літаральна завялася і проста не адыходзіла ад сайта — калясальным быў не прырост карыстальнікаў, а рост колькасьці старонак, якія праглядалі. Мы былі адзіным СМІ ў рэгіёне, які сыстэмна даваў карціну сытуацыі па эпідэміі, нягледзячы на тое, што ўлады намагаліся ўсё замаўчаць.
Мы практычна нон-стоп паведамлялі пра першыя і наступныя выпадкі зьяўленьня інфэкцыі ў горадзе, па раёнах, ушчыльную да кварталаў. Людзям гэта было патрэбна як паветра. У адзін дзень да нас маглі зайсьці 80–100 тысяч жыхароў Гомля».
«Пасьля выбараў у „полі“ працавалі ўсе, нават бухгальтар»
«Аналягічная карціна была ў жніўні-верасьні 2020 году, калі было асьвятленьне пратэстаў, рэпрэсій. У тыя дні ў «полі» працавалі ўсе, нават бухгальтар. Я сам хадзіў на рэпартажы. І лічбы наведваньняў апраўдалі нашу працу.
Сьвядомых штодзённых спажыўцоў навінаў у Гомлі — плюс-мінус 70 тысяч, што складае прыкладна 20% ад агульнай колькасьці эканамічна актыўных грамадзян.
І вось з гэтых 70 тысяч палова, то бок 50% актыўнага інфармацыйнага рынку рэгіёну, прысутнічаюць на нашым сайце штодня. Другая палова прыходзіць адразу ж, калі нешта ў горадзе здараецца.
2020 год быў паказальны для нас. Мы ўбачылі і зразумелі, якое месца займаем на інфармацыйным рынку Гомельскай вобласьці і краіны. Мы ўбачылі, як працуе пад’ём і спад цікавасьці ва ўмовах ажыятажу вакол якой-небудзь тэмы — ці, наадварот, поўнай пасіўнасьці.
Высновы нашы даволі аптымістычныя: паводле памеру сваёй аўдыторыі, яе ўстойлівасьці, ляяльнасьці да брэнду мы — у першай дзясятцы сярод СМІ краіны.
Гэта ня тычыцца такіх паказчыкаў, як трафік, разьдзьмуты сыстэмамі рэкамэндацыі, калі нейкі сайт дэманструе 2 мільёны наведнікаў у месяц, а сярод іх сярэдняя колькасьць прачытанага — паміж 1 і 2 старонкамі. Гэта паказвае на выпадковасьць і несыстэмнасьць трафіку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэра гурту Gods Tower накіравалі на экспэртызу, вінавацяць у абразе чыноўнікаШто тычыцца Telegram, то наш канал на піку набраў 25 тысяч падпісчыкаў, стаўшы самым вялікім каналам рэгіянальных СМІ. Цяпер там 23,5 тысячы. Практычна такія ж лічбы і такая ж дынаміка на нашым Youtube-канале, які рвануў з 7 да 25 тысяч менавіта ў пэрыяд пратэстаў.
Парадак гэтых лічбаў — 23–25 тысяч — кажа, што, хутчэй за ўсё, гэта шмат у чым тая самая наша аўдыторыя штодзённых сьвядомых спажыўцоў навінаў, якая ў крызісныя моманты падпісалася на нас на альтэрнатыўных пляцоўках на выпадак зьнікненьня з „эфіру“ ў клясычным вэбе і застаецца там на той жа самы выпадак.
Як па мне, гэта вельмі паказальны і аптымістычны момант. Хоць спад мы адчуваем, як і ўсе цяпер, але мы бачым, што аўдыторыя застаецца з намі, проста пасьля найбольш вострых момантаў надыходзіць натуральная стомленасьць і часовая пасіўнасьць».
«З кастрычніка па сярэдзіну лістапада нас затрымлівалі кожны тыдзень»
«Нашых журналістаў затрымлівалі яшчэ да пачатку пратэстаў. Затрымлівалі і пасьля — асобныя эпізоды пачаліся зь верасьня. Сыстэмна ж на нас „накацілі“ пачынаючы з 2 кастрычніка, калі адначасова арыштавалі галоўнага рэдактара Ганну Якштас, яе мужа — таксама нашага журналіста, правялі ў іх ператрус. Потым фактычна адразу прайшоў ператрус у офісе.
Потым журналістаў затрымлівалі зноў, арыштавалі кіраўніка відэааддзелу Надзею Пужынскую. У пэрыяд з пачатку кастрычніка па сярэдзіну лістапада ў нас не было ніводнага тыдня, калі б некага з нашых журналістаў не затрымлівалі.
Якімі былі вынікі гэтых рэпрэсій? Зь некаторымі супрацоўнікамі і фрылансэрамі давялося расстацца, хоць я не магу сказаць, што яны з рэдакцыі „сышлі“. Зьехала ў эміграцыю Надзея Пужынская. У пэрыяд „адседкі“ ейныя праблемы са здароўем абвастрыліся настолькі, што яе выпусьцілі праз 6 сутак, заставалася даседзець яшчэ 8. Потым па яе прыйшлі, каб адправіць „даседжваць“, але ёй удалося ўцячы.
У асноўным жа рэдакцыя засталася на месцы. Нам няма чаго хаваць, у нас усё заўсёды ў поўнай адпаведнасьці з законамі, хоць камусьці часам і не да іх. Аднак прынцыповы момант — нежаданьне дапускаць, каб хтосьці капаўся ў тваіх асабістых дадзеных, у асабістай інфармацыі, якая можа быць на тваёй тэхніцы, толькі таму, што яму гэтага захацелася».
«У нашай каманды вельмі моцнае адчуваньне місіі і адказнасьці»
«Як мы давалі рады стрэсу? На жаль ці на шчасьце, мы рэгіянальныя журналісты. Тут нашмат менш прапановы з боку рознага роду псыхалягічных службаў і нашмат ніжэйшая культура карыстаньня падобнымі паслугамі і попыту на іх. У нас вельмі згуртаваная каманда, і наш моцны, але ў той жа час і слабы бок, — вельмі шчыльныя і добрыя адносіны паміж сабой.
Моцны бок — таму што мы ўмеем падтрымліваць адзін аднаго, страхаваць, дапамагаць. Слабы, напэўна, таму, што заўсёды гэта зьвязана зь вялікім узроўнем эмоцый. У нас ёсьць некалькі традыцыйных дат, калі мы ўсёй рэдакцыяй зьбіраемся на нейкія імпрэзы для нефармальных кантактаў. Гэта выдатна працуе ў „мірны час“.
У пэрыяды абвастрэньняў мы можам рабіць нешта такое цалкам спантанна. Часам гэта выглядае літаральна па-сямейнаму. Калі быў ціск на сям’ю Якштас, у нас практычна быў штаб у іх дома: мы там знаходзіліся, елі, працавалі, чакалі, там жа запісвалі інтэрвію зь імі пасьля вызваленьня.
Як правіла, усё знаходзіцца менавіта ў гэтай плоскасьці: мы самі спраўляемся з усімі праблемамі, але „самі“ — гэта ня кожны сам па сабе, а ўсёй камандай. У нашых журналістаў вельмі моцнае адчуваньне місіі і адказнасьці — перад чытачамі, перад горадам, перад дзецьмі і будучыняй. Мне гэта вельмі падабаецца, гэта вельмі крута.
Важна тое, што мы ні сэкунды не сумняваемся ў тым, што хутка гэтая „ноч“ скончыцца і сытуацыя зьменіцца. Як сьпяваў Высоцкі:
Наше горло отпустит молчание,
Наша слабость растает, как тень,
И наградой за ночи отчаянья
Будет вечный полярный день.
Мы верым, што на зьмену сёньняшнім цяжкасьцям прыйдзе нарэшце нармальнае жыцьцё. Ня лёгкае, не шчасьлівае ці сьветлае, а менавіта нармальнае — у якім можна нармальна працаваць і рабіць сваю справу.
Мы самі, наша вера ў добры вынік, а таксама разуменьне нашай ролі, місіі — вось што дапамагае. Цяжкасьці існуюць для таго, каб разьвівацца. Мы разьвіваемся».
«Сваволя — гэта такая рэч, якая ставіць на адзін узровень абсалютна ўсіх»
«У Беларусі фіксуецца беспрэцэдэнтны ціск на СМІ. Некаторыя журналісты пазбавіліся свабоды, іншыя прайшлі праз суды і „суткі“. Я ўпэўнены, што для „СН“ сёньня ёсьць пагрозы як адміністрацыйнага, так і крымінальнага перасьледу. У той жа ступені, як для любой арганізацыі, фірмы, установы ці проста чалавека ў Беларусі. У краіне ліквідавана законнасьць. Людзей, якія дапамагалі плаціць штрафы, то бок проста рабілі добрыя справы, садзяць у турму за „фінансаваньне пратэстаў“. Гэта нават не нацягваньне савы на глёбус, а падмена рэчаіснасьці. Так адбываецца ва ўсім.
Больш за тое, мы бачым, што рэпрэсіўная машына набрала ход і перастае кантраляваць сама сябе. Ёй цяпер увесь час трэба „паліва“, каб не спыняцца, а гэта — людзі, арганізацыі, СМІ, адным словам — усе тыя, хто можа стаць чарговай ахвярай.
Днямі пасадзілі Зьмітра Дашкевіча. Ён месяцамі стаяў на курапацкай варце пад рэстаранам „Поедем поедим“. І тут раптам пасадзілі на 20 сутак. Гэта якраз тое „паліва“ для машыны.
У такой лёгіцы мы існуём: усё тое, што было ўчора нармальным, і ўсё тое, што ўчора ўпісвалася ў заканадаўства, можа заўтра стаць нагодай для перасьледу.
Сваволя — гэта такая штука, якая ставіць на адзін узровень абсалютна ўсіх. Тут без варыянтаў: у зоне рызыкі цяпер усё грамадзтва. Мы ж проста робім сваю справу. Вось гэтае разуменьне вельмі дапамагае: гэта — наша праца, наша прафэсія. У Беларусі ў ёй ёсьць „закладзеная рызыка“ — гэтага ніхто не адмяняў. Але мы ня можам спыніць сваю працу. Сьвет так уладкаваны: калі ўсе кінуць свае заняткі, мы вернемся ў пячоры».
«Усе незалежныя СМІ на адным баку»
«Я лічу, што паняцьце „канкурэнцыя“ ў сучасным беларускім мэдыябізнэсе — вельмі ўмоўнае.
Мэдыябізнэс у Беларусі? Яго проста няма. Гэта зона падвышаных палітычных рызыкаў, таму няма доўгатэрміновай інвэстыцыйнай прапановы, вельмі слаба разьвіваецца рынак кадраў, зь вядомымі абмежаваньнямі працуе рэклямны рынак. Па сутнасьці, мэдыябізнэс сёньня — гэта нешта ў дыяпазоне паміж хобі і самазанятасьцю, але ніяк не паўнавартасная прадпрымальніцкая дзейнасьць. Там, дзе няма барацьбы за сурʼёзныя грошы, і канкурэнцыя, будзем казаць, млявая.
Сёньня, каб канкураваць за ўвагу чытачоў, трэба ўвесь час хадзіць па лязе, таму што чытачу, як заўсёды, патрэбна праўда, а за праўду ў нас — самі ведаеце што.
У выніку, за што СМІ канкураваць? За лішнія рызыкі? Атрымліваецца, так. Перамога ў гэтай канкурэнцыі прыносіць ня так шмат бонусаў, але стварае калясальную адказнасьць. Сёньня той, хто больш пасьпяховы і буйнейшы на сваім узроўні — пад першым ударам. Tut.by выйграе канкурэнцыю ў нацыянальным маштабе, і на ім і галоўная адказнасьць, і галоўныя небясьпекі.
„СН“ у падобным становішчы ў рэгіянальным маштабе. Мы, напрыклад, існуём у такой рэальнасьці: за адну і тую ж інфармацыю, якую апублікаваў умоўны невялікі сайт у Гомлі і якую апублікавалі мы, таму сайту ня будзе нічога, а нас закідаюць лістамі ці нават пазовамі з патрабаваньнем выдаліць/выправіць/адрэдагаваць/паведаміць і даць справаздачу.
Грамадзтва наша расколатае па вельмі простай лініі супрацьстаяньня дабра і зла. СМІ незалежныя, якія нясуць людзям праўду і пакутуюць за гэта, яны ўсё сёньня на адным баку, у адным лягеры. І канкураваць яны могуць толькі за месца на перадавой — хто далей высунецца і каму больш „прыляціць“».
«„Крыніцы“ са структур улады фактычна замарожаныя»
«У эпоху пандэміі вясны-2020 „СН“ атрымлівалі шмат інфармацыі з розных крыніц пра сытуацыю з COVID-19. На працягу некалькіх гадоў у нас было шмат навінаў, якія мы знаходзілі дзякуючы крыніцам у органах улады. Так усплыло шмат скандальных тэмаў, якія потым перавандроўвалі на старонкі ўсіх астатніх СМІ, даходзілі да нацыянальнага ўзроўню, знаходзілі водгук у рашэньнях і дзеяньнях уладаў.
Гэта было і ёсьць нашым моцным бокам — уменьне шукаць і знаходзіць інфармацыю даступнымі ў беларускіх рэаліях спосабамі.
У пэрыяд каранавіруснай вясны-2020 гэты працэс дасягнуў свайго піку. Інфармаваньне пра рэальную сытуацыю з распаўсюджваньнем пандэміі ў Гомельскай вобласьці было найбольш поўным і абʼектыўным — хоць і не на аснове афіцыйных паведамленьняў, а са спасылкай на „крыніцы“.
Цяпер усе гэтыя інструмэнты фактычна замарожаныя. Ніхто ня можа дазволіць сабе залішнія рызыкі. У нейкія моманты пэўныя людзі прасілі іх не трывожыць і тлумачылі, чаму. У нейкія моманты мы самі ўбачылі сыстэму, заканамернасьць таго, што адбываецца: параноя ва ўладных структурах зашкальвае, там ідзе рэальнае паляваньне на ведзьмаў, і многія рызыкуюць ня толькі працай, але і свабодай, калі будуць працягваць нам дапамагаць. Тым больш што мы таксама знаходзімся ў Беларусі, адбываюцца ператрусы і канфіскацыя тэхнікі, што павышае рызыкі для ўсіх.
І мы таксама цалкам сьвядома часова прыпынілі кантакты з нашымі „крыніцамі“. Мы ня лічым, што мы іх страцілі. У большасьці выпадкаў гэта былі сувязі, заснаваныя на добрых асабістых адносінах, а таксама на павазе тых людзей, якія нам дапамагалі, да таго, што мы робім.
Зразумела, што ні першы, ні другі фактар нікуды ня дзеліся і не падзенуцца. Проста цяпер такі момант. І людзі, і магчымасьці застаюцца, проста карыстацца гэтым цяпер — неапраўдана рызыкоўна».
«Лібэралізацыі для СМІ ня будзе»
«Думаю, што беларускія журналісты як від ня зьнікнуць. У межах парадыгмы „Мы проста робім сваю працу“ яны жывуць, нягледзячы ні на што. Робячы сваю справу. І за кошт гэтага становяцца героямі.
Я ня думаю, што ўладам трэба „ўкачаць нас у асфальт“. Ва ўладзе ёсьць людзі з разуменьнем, што інфармацыйнае поле не цярпіць вакуўму, а інфармацыйны „фронт“ сёньня амаль вырашальны ў палітычным супрацьстаяньні. У насельніцтва ёсьць запыт на навіны і матэрыялы, прысьвечаныя тэмам, якія не асьвятляюць дзяржаўныя СМІ, і напісаныя іншай мовай.
У практычным сэнсе гэта азначае, што калі ўсіх „укачаць у асфальт“, то ў прастору, якая вызваліцца, лінуць патокі інфармацыйнай прадукцыі зусім іншай якасьці. Насамрэч у 21 стагодзьдзі для таго, каб стаць рэвалюцыянэрам і змагаром за свабоду, кідацца камянямі на вуліцах — непрадуктыўна. А вось завесьці блог — ужо больш прадуктыўна. Ня будзем забываць, што галоўная барацьба на інфармацыйным полі ідзе за ўвагу чытача/гледача.
Я хутчэй схільны думаць, што будуць „паддушваць“, што і цяпер робяць. Ніякай лібэралізацыі ня будзе — гэта для ўладаў занадта вялікія рызыкі, а будзе навязваньне такога напаўтурэмнага фармату. Атрымаецца ў іх загнаць незалежныя СМІ цалкам у рамкі самацэнзуры ці не атрымаецца, будзе залежаць у першую чаргу ад флягманаў. Мы ўсе, і рэгіяналы, і ня самыя вялікія нацыянальныя СМІ — добрыя гульцы ў нейкіх нішах, сэгмэнтах, сфэрах. Але ёсьць тыя, хто рэальна лідзіруе на рынку і на каго ўсе арыентуюцца. Гэта тая самая перамога ў „канкурэнцыі за адказнасьць“, пра якую я казаў вышэй, калі ты вырастаеш настолькі, што павінен высунуцца наперад іншых і адхапіць (ці не адхапіць) першым.
Прывяду просты прыклад. Вось нядаўна абвясьцілі экстрэмісцкім тэлеграм-канал ByPol. У нашай рэдакцыі я даўно ўжо псыхануў і сказаў, што пасьля чарговых абвяшчэньняў тых ці іншых экстрэмістамі мы больш зачышчаць сайт ад іх ня будзем. Гэта, маўляў, нівэлюе і абясцэньвае нашу прафэсію.
Але калі здарылася такое з ByPol, мне пачалі з рэдакцыі слаць спасылкі на Tut.by: „Глядзі, маўляў, усе да адной старонкі па старых спасылках зачышчаны, нічога не засталося“. Ну, і я гляджу на гэтыя справы і разумею, што калі Tut.by усё зачысьціць, а мы адны застанёмся — нас проста размажуць, і ўсё. Заблякуюць, закрыюць, задушаць штрафамі — у іх фантазіі хопіць. І ўсе мае „псыхі“ сыходзяць самі па сабе. Працэс „паддушваньня“ можа працягвацца доўга, да патрэбнага ўладам выніку. Спыніць яго мы зможам тады, калі калектыўна ўсе разам зразумеем, што далей ужо няма куды, што кіслароду для жыцьцядзейнасьці больш не хапае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маючы тры срэбныя кнопкі на YouTube, ад спадарожніка не адмовімся». Гутарка з намесьнікам дырэктара «Белсат» Аляксеем Дзікавіцкім ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Новы час“ чытае як мінімум тысяча зьняволеных». Размова з галоўнай рэдактаркай Аксанай Колб ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачатак будзе тады, калі ўсё гэта скончыцца». Вялікая размова з Марынай ЗолатавайГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі нас так моцна хочуць закрыць, мы абавязаныя існаваць». Вялікая гутарка з рэдактаркай Kyky.org Насьцяй Рагатко ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы і да Ціханоўскай будзем у апазыцыі». Гутарка з галоўным рэдактарам «Эўрарадыё» Паўлам Сьвярдловым ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра хакей мы больш ня пішам». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Трыбуны» Алегам Гаруновічам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Нашай нівы»