Літва і Польшча мусяць паспрыяць таму, каб беларускі і ўкраінскі народы «змаглі атрымаць асалоду ад свабоды, незалежнасьці і дэмакратыі».
Гэтак заявіў літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа падчас выступу 3 траўня ў польскім парлямэнце з нагоды 230-й гадавіны прыняцьця першай у Эўропы Канстытуцыі, якую зацьвердзў Сойм Рэчы Паспалітай.
«Мы зноў бачым раст вайсковай моцы на Ўсходзе, якая адмаўляе нашы каштоўнасьці і пагражае нашаму ладу жыцьця, — цытуе прэзыдэнта агенцтва BNS. — Нашы суседзі, якія імкнуцца выбудаваць дэмакратычныя адносіны, працягваюць сутыкацца з грубым грэбаваньнем правамі і свабодамі чалавека».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнты Літвы і Ўкраіны дамовіліся разам падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць БеларусіПаводле Наўседы, супольны абавязак Літвы і Польшчы — вярнуць народы Беларусі і Ўкраіны да агульнай сям’і эўрапейскіх краін, да якой яны заўсёды гістарычна належалі.
Прэзыдэнт Літвы адзначыў: дзеля таго, каб народы рэгіёну маглі свабодна разьвіваць дэмакратыю ў сваіх краінах, «неабходна дакладнае бачаньне праграмы «Ўсходняга партнэрства». Па яго словах, «перад тварам агрэсіўнай варожай сілы, як паказваюць урокі мінулага, неабходна аб’ядноўвацца, не чакаючы, пакуль стане занадта позна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская павіншавала прэзыдэнта і народ Польшчы з Днём Канстытуцыі 3 траўня, якой «ганарыцца і беларускі народ»Ён адзначыў, што Расея спрабуе ўзяць Беларусь пад кантроль, і «важную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае БелАЭС, якая будуецца паводле расейскага праекту і за кошт расейскага крэдыту. Літва «ніколі не пагодзіцца з тым, каб энэргетыка стала геапалітычнай зброяй, якая ператворыць Беларусь у закладніка палітыкі Крамля».
«Наша ўласная бясьпека і росквіт залежаць ад здольнасьці стварыць тэрыторыю міру, дэмакратыі і росквіту па суседзтве», — падсумаваў літоўскі лідэр.