Як палітвязень з Жлобіна сустрэў 18-годзьдзе ў калёніі. Відэа

Віталь Прохараў і яго маці Алеся

3 траўня палітзьняволенаму падлетку са Жлобіна Віталю Прохараву споўніцца 18 гадоў — ён адсьвяткуе іх у калёніі. Хлопцу прысудзілі 2 гады калёніі за «масавыя беспарадкі». Міліцыя затрымала Віталя 11 жніўня, пры затрыманьні яго зьбілі. Маці палітвязьня Алеся расказала пра тое, як павіншуе сына.

Віталь жыў у Жлобіне. Яго затрымалі праз паўгоду за падзеі 10 жніўня. Па афіцыйнай вэрсіі, ён удзельнічаў у «масавых беспарадках» і кінуў камень у аўтазак. Віталь сваю віну не прызнаў і расказаў, што ён выклаў у сацыяльныя сеткі аповед пра камень, каб папіярыцца. Яго абвінавацілі паводле двух артыкулаў: за арганізацыю беспарадкаў і гвалт у дачыненьні міліцыянтаў (арт. 342 і арт 364 КК). Па словах сваякоў, хлопца моцна пабілі амапаўцы пры затрыманьні.

Затрыманьне адбылося проста на вуліцы, пад’ехаў цывільны аўтамабіль, адтуль вылезьлі чатыры чалавекі і пачалі зьбіваць Віталя. Прохараў высокага росту, таму, па словах ягонай маці, на вуліцы нельга было адназначна падумаць, што б’юць непаўналетняга, але сын казаў пра гэта людзям у цывільным.

Да пэўнага моманту Віталь спадзяваўся, што яго адпусьцяць, але затым стаў жыць тым, што ёсьць. Лісты, паводле словаў маці, даходзяць «праз раз», а на вуліцах Жлобіна яе могуць пазнаць і прапанаваць дапамогу. Сваякі Віталя сфатаграфаваліся з аркушамі паперы ў гонар ягонага паўналецьця і аформілі здымкі ў паштоўку, якую даслалі за краты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сядзяць за «кактэйль Молатава» і «дадзеныя карнікаў». Хто яны — палітвязьні Беларусі да 18 гадоў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жлобіне дваіх удзельнікаў падзей 9-10 жніўня пакаралі турэмным зьняволеньнем
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крымінальныя выракі за люты: 102 асудзілі, зь іх 3 непаўналетнія. Катаваньні падазраваных суды не разглядаюць