Ужо сёньня: дзень народзінаў Янкі Серады, першага прэзыдэнта Рады БНР

Янка Серада

Падзеі 1 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі

1710 — напярэдадні адыходу з Полацку салдаты расейскага цара Пятра I узарвалі раней зачынены і ператвораны на парахавы склад Сафійскі сабор

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парахавы склад Полацкай Сафіі. Як стварыць фундамэнтальныя мэмы

1832 — расейскі імпэратар Мікалай I сваім рэскрыптам закрыў Віленскі ўнівэрсытэт

1840 — У Вялікай Брытаніі зьявіліся першыя ў сьвеце паштовыя маркі (з профілем каралевы Вікторыі).

1966 — адбыўся апошні выступ The Beatles

1969 — заснаваньне Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны

У гэты дзень нарадзіліся

1555Соф’я Слуцкая, рэлігійная дзяячка Вялікага Княства Літоўскага, асьветніца, беларуская праваслаўная сьвятая

1879 Янка Серада, беларускі грамадзкі і палітычны дзеяч, пэдагог, публіцыст. Першы Старшыня Рады БНР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падарожжа ў БНР (5). «Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай»


1894 Іван Ермачэнка, беларускі палітычны дзеяч. У 1925 г. разам са старшынём Рады БНР Пётрам Крэчэўскім, Васілём Захаркам, Тамашом Грыбам не прызнаў рашэньняў Бэрлінскай Другой Усебеларускай канфэрэнцыі, дзе аб’явілі пра роспуск Ураду БНР.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падарожжа ў БНР (29). Бэрлінская канфэрэнцыя. Канец Ураду БНР

1930Алесь Петрашкевіч, пісьменьнік, гісторык.

Алесь Петрашкевіч

Мяне зь ім зьвёў акадэмік Дзьмітры Ліхачоў, якога называлі «сумленьнем расейскай інтэлігенцыі». Была вечарына ў менскім Доме літаратара, на якой я казаў, што і самыя сумленныя «старэйшыя браты», калі заходзіць гаворка пра беларускую або ўкраінскую незалежнасьць, імгненна мяняюцца. Як пацьверджаньне згадаў некалькі выказваньняў Ліхачова. Напрыклад, пра тое, што «не радея о единстве Русской земли, полоцкий князь Всеслав провёл свою жизнь в беспутных походах».

Пасьля вечарыны мяне спыніў высокі і высакалобы чалавек з уважлівым позіркам. «Намесьнік галоўнага рэдактара „Беларускай Энцыкляпэдыі“ Алесь Петрашкевіч, — адрэкамэндаваўся ён. — Пра Ліхачова — цалкам згодны...»

Выдавецтва тады яшчэ называлася «Беларуская Савецкая Энцыкляпэдыя». Мне спадабалася, што Петрашкевіч прапусьціў у назове другое слова.

Дарэчы, ён разам з галоўным рэдактарам Петрусём Броўкам некалі і ствараў гэтае выдавецтва — займаўся і падборам супрацоўнікаў, і ўзьвядзеньнем будынку, які быў пазьней забраны цяперашняй уладай і ператвораны ў суд, дзе, у прыватнасьці, судзілі незалежных беларускіх выдаўцоў.

У 1992-м кіраўнікі СНД падпісалі ў Менску пагадненьне аб вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў дзяржавам іх паходжаньня. Масква агучыла заяву, што не прызнае дакумэнту, бо ён супярэчыць інтарэсам Расеі. У навінах круцілі выступ Ліхачова, які запальчыва заклікаў не дапусьціць «расьцягваньня агульных скарбаў па нацыянальных кватэрах». Пры сустрэчы Петрашкевіч пацікавіўся: «Чулі голас расейскага сумленьня?»

Я ня схільны ідэалізаваць яго. У свой час ён працаваў у апараце ЦК КПБ, пісаў п’есы «ў духу патрабаваньняў», да прыкладу, пазмагаўся пяром з рэлігіяй. Аднак Петрашкевіч заўсёды заставаўся беларусам, яго вабіла не апаратная дзейнасьць, а гісторыя і літаратура.

Ён пісаў сцэнары мастацкіх фільмаў, апавяданьні, лібрэта, але найбольш цікавае й вартае стварыў у жанры гістарычнай драматургіі, з дапамогаю якой імкнуўся адлюстраваць увесь шлях народу — ад часоў Рагвалода да нашых дзён. Спадар Алесь ганарыўся, што ягоныя продкі-шляхцічы належалі да гербу «Лебедзь», як і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч з Ігнатам Буйніцкім.

Найбольш ярка Петрашкевіч-драматург раскрыўся ў прысьвечанай Скарыну дылёгіі «Напісанае застанецца» і «Прарок для Айчыны». У першай п’есе разам з гуманістам-першадрукаром дзейнымі асобамі сталі Мікола Гусоўскі, Пётра Мсьціславец, Марцін Лютэр, Мікалай Капэрнік, што стварае пераканаўчы кантэкст эўрапейскага Рэнэсансу, аванпостам якога была Беларусь. Другі твор, як вынікае ўжо зь ягонае назвы, ставіць вечнае пытаньне лёсу прарока ў сваёй Айчыне.

Нязьменна застаючыся і навукоўцам, Алесь Петрашкевіч пакінуў нам мару — выдаць энцыкляпэдычны даведнік «Беларуская Народная Рэспубліка».

Хто зьдзейсьніць гэтую задуму?

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 630-631


1980Юрась Юркевіч, грамадзкі дзеяч беларускай дыяспары, дасьледчык гісторыі Беларусі

1981 Аляксандар Глеб, беларускі футбаліст

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі лічаць, што ўсё ня так экстрэмальна». Глеб пра футбол падчас каранавірусу

У памяці

1904Антанін Леапольд Дворжак, чэскі кампазытар

1986Сьцяпан Александровіч, беларускі пісьменьнік, літаратуразнавец, крытык і краязнавец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 500 найлепшых кніг за 500 гадоў