23 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да ўдзельнікаў вулічных пратэстаў у Пінску 9 і 10 жніўня 2020 году.
Пацярпелымі выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі. Праваахоўнікі ў працэсе паскардзіліся, што «зазналі страх, прыніжэньне, боль і сорам, страцілі сон, спакой і апэтыт».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 100 «пацярпелых» міліцыянтаў. У Берасьці пачаўся суд над 14 фігурантамі «пінскай справы»У зьвязку з гэтым на пачатку красавіка жыхары Пінску і раёну зьмясьцілі пэтыцыю на плятформе Petitions.by, выказаўшы «сур’ёзную занепакоенасць» тым, ці дазваляе маральна-псыхалягічны стан такіх супрацоўнікаў выконваць задачы ў абароне грамадзянаў ад забойцаў, рабаўнікоў і гвалтаўнікоў.
Пінчукі зьвярнуліся ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму з просьбай правесьці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС і вызначыць ступень іх адпаведнасьці пасадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як бы я глядзеў у вочы сваім дзецям?» Што сказалі фігуранты «пінскай справы» ў апошнім словеТаксама падпісанты хадайнічалі аб прыцягненьні да працэдуры кваліфікаваных псыхолягаў і псыхатэрапэўтаў, бо за бясьпеку мусяць адказваць сілавікі з «устойлівай псыхікай».
Амаль празь месяц прыйшоў адказ зь ведамства за подпісам намесьніка начальніка ўпраўленьня М. Суботы. Міліцэйскі чыноўнік запэўнівае, што псыхалягічнае здароўе супрацоўнікаў Пінскага ГАУС і РАУС «у поўнай меры дазваляе выконваць задачы, ускладзеныя на органы ўнутраных спраў».
Па яго словах, апісаная ў звароце сытуацыя і заклапочанасьць з нагоды пераадоленьня яе наступстваў «не зьяўляецца падставай для правядзеньня пазачарговай атэстацыі».
Ён выказаў упэўненасьць, што праваахоўныя органы «здольныя забясьпечыць абарону інтарэсаў грамадзтва і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў».
«Вы ў бясьпецы з намі», — падсумаваў прадстаўнік ўпраўленьня ўнутраных спраў Берасьцейскага аблвыканкаму.