12-гадовы падлетак выратаваў свайго малодшага брата ад пажару на Мядзельшчыне

Фота з пажару 28 красавіка

Малодшы брат не пацярпеў, а падлетка шпіталізавалі, ён у вельмі цяжкім стане.

28 красавіка ў 19:56 на пульт дыспэтчарскай службы МНС паступіла паведамленьне аб пажары ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёну. Адкрытым полымем гарэў аднапавярховы драўляны дом.

У момант загараньня ў доме знаходзіліся двое дзяцей — 2009 і 2019 гадоў нараджэньня. Яшчэ адно дзіця было ў суседзяў, а бацькі дома адсутнічалі.

Яшчэ да прыбыцьця ратавальнікаў 12-гадовы падлетак вынес свайго малодшага брата з агню. Адзін зь відавочцаў, падбегшы да дома, убачыў, як хлопчык трымае на руках дзіця. На твары і руках у яго, акрамя апёкаў, былі парэзы, а акно ў кухні было разьбіта. Відавочца забраў дзіця з рук хлопчыка, пасьля чаго той страціў прытомнасьць.

Брыгада хуткай дапамогі шпіталізавала падлетка з апёкамі рознай ступені цяжкасьці і парэзамі рук. Стан хлопца ацэньваецца як вельмі цяжкі. Па 16-й гадзіне 29 красавіка яго на верталёце перавезьлі зь Мядзела ў Менск.

Малодшы брат не пацярпеў, паведаміла БелТА.

Пажар ліквідавалі ратавальнікі. Агонь зьнішчыў дах, маёмасьць, пашкодзіў сьцены дома. Прычына здарэньня высьвятляецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр падлетак з Лунінеччыны, які падпаліў сябе пяць дзён таму
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства здароўя расказала пра стан менчука, які падпаліў сябе на плошчы Незалежнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Надзвычайныя здарэньні ў беларускім войску: таран хаты, падрыў на палігоне, салдат-уцякач