На берасьцейскага актывіста, чыя жонка за кратамі, завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі

Андрэй Шарэнда зь дзіцём

Выразы, якія публічна абражаюць Лукашэнку, сілавікі нібыта знайшлі ў сакавіцкім інтэрвію берасьцейца.

Пракуратура Берасьцейскай вобласьці паведаміла, што ўстанавіла датычнасьць грамадзкага актывіста Андрэя Шарэнды да крымінальнага злачынства. На адным з рэсурсаў 29 сакавіка 2021 году нібыта было разьмешчана інтэрвію, у якім ад імя Шарэнды ўтрымліваюцца заклікі да пратэстаў, а таксама фармулёўкі і выразы, якія публічна абражаюць Лукашэнку.

Пракуратура накіравала інфармацыю для правядзеньня праверкі. Паводле яе вынікаў Берасьцейскі міжраённы аддзел Сьледчага камітэту пачаў крымінальную справу па ч. 1 ст.368 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь па факце «публічнай абразы кіраўніка дзяржавы».

17 красавіка ў кватэры Андрэя правялі ператрус і забралі тэхніку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да берасьцейскага актывіста Шарэнды, чыя жонка за кратамі, прыйшлі зь ператрусам і пачалі крымінальную справу

Жонка Андрэя Паліна Шарэнда-Панасюк ад 3 студзеня знаходзіцца ў СІЗА, у лютым яна змагла праз сукамэрніц па СІЗА № 7 Берасьця перадаць на волю зварот, у якім расказала пра катаваньні ў турэмнай установе. Ёй прадʼявілі абвінавачаньне паводле артыкулу 364 («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

23 лютага зь берасьцейскага СІЗА актывістку накіравалі на мэдычную экспэртызу ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках. Тады на працягу 9-дзённага «этапу» жанчына правяла некалькі дзён у баранавіцкім СІЗА № 6 і ў менскім СІЗА № 1.

У 2017 годзе на Шарэндаў ужо заводзілі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі. Андрэй лічыць, што ў тым выпадку сілавікі проста разьлічвалі на тое, што іх сям’я пакіне Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маці дваіх дзяцей Паліна Шарэнда-Панасюк паведаміла пра катаваньні ў берасьцейскім СІЗА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маму захапілі чорныя дзядзькі». Гісторыя берасьцейскіх актывістаў Паліны і Андрэя Шарэндаў