«Я бачу, што многія праходзяць праз падобныя катаваньні, таму не маўчыце, пішыце пра гэта, скардзьцеся і дакумэнтуйце», — заклікала яна праз Facebook.
У допісе Наста Дашкевіч нагадала, што 26 красавіка ў судзе Менскага раёну судзілі яе мужа. Падчас пасяджэньня ён расказаў, што ў раённым ІЧУ створаныя «асаблівыя ўмовы» для адміністрацыйна арыштаваных: адсутнічае пасьцельная бялізна, няма матрацаў, людзі сьпяць на падлозе, а ўначы прыходзіць праверка.
«У камэрах для асужаных паводле артыкулу 24.23 КаАП вісяць свае правілы распарадку і інструкцыі, якія адрозніваюцца ад правілаў іншых вязьняў. У асуджаных па іншых артыкулах ўмовы адбываньня пакараньня адрозьніваюцца ў лепшы бок», — адзначыла яна.
У сувязі з гэтым Наста Дашкевіч просіць Генэральную пракуратуру:
- правесьці тэрміновую праверку ўмоваў знаходжаньня адміністрацыйна арыштаваных паводле арт. 24.23 КаАП у ІЧУ Менскага раёну (вул. Скарыны, 20) на адпаведнасьць Правілам унутранага распарадку і Працэсуальна-выканаўчаму кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях;
- прызначыць пракурорскую праверку на прадмет наяўнасьці ў дзеяньнях супрацоўнікаў дадзенага ІЧУ прыкметаў крымінальнага злачынства — распальваньне сацыяльнай варожасьці і перавышэньне службовых паўнамоцтваў;
- прагледзець камэры відэаназіраньня на прадмет умоваў і колькасьці людзей у камэрах, якія знаходзіліся разам са Зьмітром Дашкевічам з 23 па 26 красавіка, пра што ён казаў у судзе;
- прыняць меры для пакараньня вінаватых.
26 красавіка суд Менскага раёну прысудзіў Зьмітру Дашкевічу 20 дзён адміністрацыйнага арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Ён разам зь іншымі актывістамі быў затрыманы падчас традыцыйнай Курапацкай варты ля рэстарацыі «Поедем поедим».