Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі лічыць, што існаваньне арганізацыі ва ўмовах рэпрэсій, гвалту і татальнай непавагі да правоў чалавека цягам чвэрці стагодзьдзя — унікальны выпадак. Вясноўцы ня думалі, што, уваходзячы ў другую чвэрць, будуць зноў гаварыць пра крызіс дэмакратыі і самых базавых правоў грамадзян, але рэчаіснасьць менавіта такая.
І ўсё ж Бяляцкі мае аптымізм адносна будучыні. Ён мяркуе, што адсутнасьць рэформаў, да якіх рэжыму Лукашэнкі заклікалі шмат гадоў, стане адным з чыньнікаў. Акрамя таго, народ у Беларусі ўжо жыве іншымі каштоўнасьцямі.
«Улады не заўважылі, што за апошнія гады ў Беларусі вырасла новае пакаленьне, для якога правы чалавека не пусты гук».
Паводле старшыні Праваабарончага цэнтру, Беларусь знаходзіцца яшчэ не ў ваенным, але ўсё адно ў надта складаным становішчы, а людзі ня маюць элемэнтарных правоў. Аднак яны ўсьведамляюць неабходнасьць барацьбы за іх.
«Няхай тыя людзі, якія гвалтоўна парушаюць правы чалавека цяпер, не спадзяюцца, што ім удасца дамагчыся сваіх мэтаў. Махровая, фактычна сталінская рэакцыя сёньня правіць баль. Новае беларускае грамадзтва мае каштоўнасьці і гатовае ў той ці іншай ступені за іх ахвяравацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праавабаронцу, які абвясьціў галадоўку, нечакана вызвалілі пасьля 8 сутак арыштуЮрыст «Вясны» Павал Сапелка расказаў некаторыя падрабязнасьці новага дакладу праваабаронцаў «Крымінальны перасьлед з палітычных матываў. Беларусь 2020-2021 гг.» У прыватнасьці, ён зьвярнуў увагу на тое, што 70% фігурантаў крымінальных справаў, зьвязаных з пратэстамі пасьля выбараў, зьмяшчаліся пад варту. І гэта сьведчыць пра перадузятасьць уладаў, паколькі ў справах за карупцыю пад варту бралі толькі 3% падазраваных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтобусаў удвая меней, чым крымінальных спраў: якая вытворчасьць у Беларусі больш эфэктыўная: судовая ці прамысловая?Чацьвёра сяброў ПЦ «Вясна» знаходзяцца ў зьняволеньні. Гэта Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк зь Менску, а таксама Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца з Гомлю. Акрамя таго, заведзена крымінальная справа аб фінансаваньні пратэстаў, у якой праходзяць дзясяткі праваабаронцаў ня толькі зь «Вясны», але і зь Беларускага Хэльсынскага камітэту, іншых арганізацый.