У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны вялікая радасьць — у Беларусі стала больш шматдзетных сем’яў. Пра гэта заявіла прадстаўніца міністэрства Марына Арцёменка. Яна ўпэўнена, што рост гэтага паказьніку сьведчыць пра пасьпяховую падтрымку шматдзетных сем’яў. Але я прапаную ўсё ж паглядзець на сытуацыю сыстэмна і не ігнараваць іншых лічбаў.
Паводле зьвестак Міністэрства працы, у Беларусі налічваецца больш за 114 тысяч шматдзетных сем’яў (3 і больш дзяцей), і іх доля павялічылася, калі параўноўваць з дадзенымі перапісу насельніцтва за 2009 год. Разам з тым зьменшылася доля сем’яў, дзе ёсьць адно дзіця, людзі сталі радзей жаніцца і часьцей разводзіцца.
Падобна, што тыя, у каго ўжо былі дзеці, сталі больш ахвотна наважвацца на новых, а вось першых цяпер нараджаць асабліва не сьпяшаюцца. І шматдзетнасьць, як аказалася, — не панацэя для захаваньня шлюбу (а зьмяншэньне колькасьці разводаў — гэта каштоўнасьць, якую дзяржава звычайна прасоўвае ў адным пакеце са шматдзетнасьцю).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашу сям’ю разьдзялілі». Інтэрвію з праваабаронцамі Тацянай Гацурай-Яворскай і Ўладзімерам Яворскім. ВІДЭАДык што тады атрымліваецца? Можна было б зрабіць выснову, што ў людзей вырас давер да абяцаньняў дзяржавы падтрымаць іх сем’і, калі ў іх будзе трое ці больш дзяцей. Але ж бачна, што зрэагавалі на абяцанкі збольшага тыя, хто быў ужо на паўдарозе. Ступаць на гэтую дарогу і заводзіць першае дзіця сем’і не сьпяшаюцца. І статыстыка разводаў (разводзяцца ўсё больш, і часьцей за ўсё гэта робяць у 30–39 гадоў) паказвае, што сацыяльныя гарантыі для сем’яў (у тым ліку шматдзетных) працуюць ня вельмі добра. Пары быццам бы ў нейкі момант могуць давяраць дзяржаве, але потым, здаецца, не спраўляюцца.
Безумоўна, у рашэньняў нараджаць ці не нараджаць, разводзіцца ці не разводзіцца можа быць шмат розных прычын, і зводзіць усё толькі да сацыяльнай падтрымкі было б няправільна. Але дзяржава чамусьці зводзіць. Я ў адказ на гэта паказваю альтэрнатыўны лягічны ланцужок, які абапіраецца на сукупнасьць фактараў, а не на простае «шматдзетных сем’яў паболела – ура, дзякуй дзяржаве за шчасьлівае дзяцінства!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шчасьлівы білет пад назвай „жыцьцё“». Ужо трое беларускіх дзетак з СМА атрымалі жыцьцёва неабходныя лекіКалі Міністэрства працы абапіраецца толькі на рост колькасьці шматдзетных сем’яў, дык шчасьлівыя рапарты выглядаюць лягічна. Але ж ня толькі гэтым вымяраецца пасьпяховасьць адпаведнай палітыкі! Як уплывае шматдзетнасьць на здольнасьць бацькоў працаваць і мець фінансавую незалежнасьць? Як адбіваецца шматдзетнасьць на здароўі, мэдычных патрэбах і працягласьці жыцьця? Каму і чаму часьцей даводзіцца ахвяраваць прафэсійнай самарэалізацыяй пасьля нараджэньня дзяцей? Якія эканамічныя наступствы мае гэтае самаахвяраваньне для самога чалавека, асобнай сям’і і краіны ў цэлым?
Гэта вельмі важныя пытаньні, якія часта ігнаруюцца, бо дзяржаве прасьцей ухапіцца за адзін зручны паказьнік, чым сыстэмна глядзець на заканамернасьці, якія праяўляюцца ў той ці іншай ступені. Вось Арцёмава кажа, што ў два разы павялічылася колькасьць так званых самотных татаў, якія самі выхоўваюць дзяцей. Але колькасьць самотных маці таксама павялічылася. І ў пераважнай большасьці выпадкаў дзеці пасьля разводу застаюцца з маці, і менавіта яна займаецца іх выхаваньнем, адукацыяй, лягістыкай і ўсімі іншымі клопатамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На кіраўніцу дабрачыннай арганізацыі зь Пінску завялі справу за «фінансаваньне незаконных масавых мерапрыемстваў»Гэты перакос уплывае на рынак працы і эканамічную ўстойлівасьць жанчын у грамадзтве, а таксама пагаршае эканамічную сыстэму ў цэлым. Высокапрафэсійныя жанчыны часта аказваюцца «за бортам» праз сыстэмную дыскрымінацыю — ім адмаўляюць у працы проста таму, што ў іх ёсьць дзеці.
Але гэта ўсё дзяржаву не хвалюе. Вырасьлі патрэбныя лічбы, і добра. А з астатнім вы ўжо неяк самі разьбірайцеся.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.