Абапіраючыся на свае крыніцы ў сілавых ведамствах Беларусі, BYPOL сьцьвярджае, што непасрэдны ўдзел у «маскоўскім апэратыўным мерапрыемстве» прымалі начальнік Дэпартамэнту транспартнага забесьпячэньня Міністэрства абароны генэрал-маёр Юры Ш. і начальнік управы тэрытарыяльнай абароны, намесьнік начальніка Генштабу палкоўнік Андрэй М.
Паводле легенды, высокапастаўленыя чыны беларускай арміі выступалі ў якасьці вайсковых начальнікаў, гатовых нібыта перайсьці на бок народу і нэўтралізаваць Лукашэнку. BYPOL адзначае, што ў іх ініцыятыву гэтую «прынаду» запускалі яшчэ ўвосень 2020 году.
Абодва афіцэры, як пішуць аўтары расьсьледаваньня, вучыліся ў Расеі, а ў Беларусі іх лавілі на злачынствах, прысабечваньні бюджэтных сродкаў, выкарыстаньні службовага аўтамабіля ў асабістых мэтах.
Улады Беларусі прызналі Telegram-канал BYPOL экстрэмісцкім
Такое рашэньне было прынятае 22 красавіка судом Чыгуначнага раёну Гомля на падставе матэрыялаў праверкі абласнога ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС.
МУС піша, што што ў ТГ-канале «разьмяшчаліся заклікі да масавых беспарадкаў, публікаваліся паклёпніцкія матэрыялы пра супрацоўнікаў МУС для распальваньня сацыяльнай варожасьці, а таксама распаўсюджваюцца экстрэмісцкія матэрыялы, уключаныя ў адпаведны сьпіс.
«Большая частка інфармацыі ў канале накіраваная на падрыў аўтарытэту дзейнай улады і яе прадстаўнікоў», — паведамляе прэсавы сакратар МУС Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыром затрыманым у справе аб спробе дзяржаўнага перавароту выставілі абвінавачаньні. Імя аднаго зь іх невядомае ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін: «Калектыўны Захад» як бы не заўважае гісторыю з падрыхтоўкай забойства Лукашэнкі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча назвала хлусьнёй заяву ФСБ Расеі аб рыхтаваным замаху на ЛукашэнкуЗатрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.