Расейскі гімн на бліжэйшых алімпіядах заменіць музыка Чайкоўскага

Расейскім спартоўцам забаронена выкарыстоўваць на Алімпіядзе сьцяг Расеі. На форму гэта не распаўсюджваецца.

Фрагмэнт з Канцэрту для фартэпіяна з аркестрам № 1 Пятра Чайкоўскага будзе выкарыстоўвацца замест расейскага гімну на Алімпійскіх гульнях у Токіё і зімовай алімпіядзе ў Пэкіне. Рашэньне зацьвердзіў у чацьвер Міжнародны алімпійскі камітэт.

Расейскім камандам на два гады забаронена выступаць пад сваім сьцягам і гімнам на ўсіх міжнародных турнірах рашэньнем Спартовага арбітражнага суду ў Лязане. Такая мера была прынятая з прычыны шматлікіх парушэньняў расейскімі спартоўцамі антыдопінгавых правілаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справаздача: былы кіраўнік усясьветнага біятлёну быў карумпаваны Расеяй

Швэйцарскі суд падкрэсьліў, што на цырымоніях і іншых афіцыйных мерапрыемствах нельга ўключаць і любы іншы гімн, зьвязаны з гісторыяй краіны — паводле гэтага крытэру не падыходзілі «Патрыятычная песьня» Міхаіла Глінкі, «Малітва рускага народу» і «Інтэрнацыянал», якія свайго часу былі гімнамі Расейскай імпэрыі, СССР і Расейскай Фэдэрацыі.

Расея плянавала замяніць гімн песьняй «Кацюша», але гэтая прапанова была адхіленая судом. Ён растлумачыў, што фармулёўка забароны «любы іншы гімн, які зьвязаны з Расеяй» пашыраецца на любую песьню, якая асацыюецца з краінай. Па ўсёй бачнасьці, музыку Чайкоўскага МАК гэткай ня лічыць.


У красавіку расейская зборная прэзэнтавала новую форму на гульнях у Токіё. Яна, з дазволу МАК, выкананая ў колерах нацыянальнага сьцяга. У спартовай супольнасьці адзначаецца, што спартовае адзеньне ў такіх колерах не выглядае нэўтральна.

«Расейскія спартоўцы будуць спаборнічаць як і раней, толькі пад іншай назвай. Гэта сумна для далейшай антыдопінгавай працы», — цытуе нарвэскі тэлеканал NRK кіраўніка антыдопінгавага агенцтва краіны Андэрса Сульхейма. Камэнтатар каналу назваў зьнешні выгляд формы «сярэднім пальцам астатняму сьвету» і дэманстрацыяй, што санкцыі супраць Расеі аказаліся «пародыяй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 краін за 120 гадоў. Каго і за што адхілялі ад Алімпійскіх гульняў