Падчас пасланьня Фэдэральнаму сходу Расейскай Фэдэрацыі 21 красавіка расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін згадаў пра спробу так званага дзяржаўнага перавароту ў Беларусі, які нібыта прадухіліла ФСБ супольна з КДБ Беларусі.
Ён абвінаваціў удзельнікаў змовы супраць Лукашэнкі ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь і заявіў, што «спроба забойства прэзыдэнта Беларусі застаецца без адказу на Захадзе».
- Чаму Ўладзімір Пуцін пачаў міжнародную частку свайго штогадовага пасланьня з тэмы пра пляны «перавароту ў Беларусі» і «забойства Лукашэнкі»?
- Якія наступствы для беларуска-расейскіх адносінаў будзе мець такая расстаноўка міжнародных акцэнтаў у пасланьні?
- Як гэта адаб’ецца на адносінах Расеі з Захадам?
- Якіх дыпляматычных крокаў Беларусі і Расеі ў адказ на заходнюю «спробу перавароту» можна чакаць?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Міхаіл Сакалоў і палітычны аналітык Валер Карбалевіч.
Карбалевіч
- Сюжэт пасланьня пра пляны «перавароту ў Беларусі» і «забойства Лукашэнкі» быў разьлічаны на ўнутраную аўдыторыю — беларускую і расейскую
- Мэта яго — дэманізацыя Захаду
- Калі нават Фядута і Зянковіч спрабавалі зладзіць нейкі пераварот, то Захад тут пры чым? Фактаў, якія б гэта пацьвярджалі, няма
- З гэткай расстаноўкі прыярытэтаў вынікае, што Лукашэнку будзе аказаная большая падтрымка з боку Расеі, чым гэта меркавалася раней
- Пуцін спрабаваў ціснуць на Лукашэнку, спрабаваў падштурхнуць нейкую канстытуцыйную рэформу ў Беларусі
- Цяпер, мяркую, усе гэтыя пытаньні зьнятыя, цяпер ціску на яго ў кірунку транзыту ўлады ня будзе
- Іншая рэч, што можа ўзмацніцца ціск на Лукашэнку ў кірунку больш глыбокай інтэграцыі
- Маўляў, калі ты ня пойдзеш на больш шчыльную інтэграцыю, то Расея ня зможа цябе абараніць
- Беларусь ня мае паўнамоцтваў узьняць гэтае пытаньне ў Радзе бясьпекі ААН, гэта можа зрабіць Расея
- Беларускі бок будзе выкарыстоўваць гэтую тэму ў чыста прапагандысцкіх мэтах
- Практычным вынікам гэтай правакацыі можа стаць узмацненьне рэпрэсіяў
- Гэта павінна дэлегітымізаваць усе новыя заходнія санкцыі
- Вынікам можа стаць і адмова ад шматвэктарнасьці, ад сытуацыйнага нэўтралітэту ў канфлікце Расеі з Захадам і з Украінай
Сакалоў
- Пуцін прадаваў расейскаму народу мітычную гісторыю пра пераварот у Беларусі
- Ён засмучана канстатаваў, што на інфармацыю пра спробу перавароту і забойства Захад адрэагаваў вельмі млява
- У Беларусі было шмат гісторыяў пра нейкіх тэрарыстаў
- Захаду складана паверыць, што філёляг, юрыст і палітык зьбіраліся зладзіць пераварот і паралізаваць энэргетычную інфраструктуру Менску
- Я мяркую, што гэты міт створаны ня столькі беларускімі, колькі расейскімі спэцслужбамі
- Лёгіка такая: сёньня нейкія злачынцы ладзяць змовы ў Менску, а заўтра зоймуцца Масквой
- Сёньня мы бачым у Маскве ачэпленыя плошчы і АМАП, сабраны для абароны цэнтру гораду
- Паводле вэрсіі Пуціна, ёсьць страшны зьвер Шэрхан, а ў яго ёсьць шакалы Табакі — гэта, відаць, якраз апазыцыянэры
- Адны «шакалы» замахваюцца на Лукашэнку, а іншыя, магчыма, замахнуцца і на Пуціна
- Я б не выключаў, што на перамовах Пуціна і Лукашэнкі зноў узьнікне тэма расейскай вайсковай базы, чаго даўно дамагаўся Пуцін ад Лукашэнкі
- Магчымае зьяўленьне расейскіх вайсковых злучэньняў у Беларусі, якія будуць пагражаць Украіне
- Ёсьць што папрасіць у Лукашэнкі ў абмен на расейскую эканамічную дапамогу
- Я ня думаю, што Пуцін зараз будзе абвастраць гэтую тэму, выносіць яе на высокі ўзровень. Ён ня будзе выносіць гэтае пытаньне на абмеркаваньне ў Радзе бясьпекі ААН
- Ён выказаўся пра гэта ў размове з Байдэнам — маўляў, вы нас павучаеце наконт Навальнага і Ўкраіны, а мы ад вас трываем такія жахлівыя дзеяньні адносна Беларусі
- Палітычная гістэрыя, якая ўзьнялася раней адносна Ўкраіны, а цяпер адносна «змовы» супраць Беларусі — гэта ўнутрыпалітычная тэма, падрыхтоўка да думскіх выбараў
- Гэта ўскоснае тлумачэньне, чаму расейскія ўлады не пускаюць апазыцыянэраў балятавацца, чаму іх саджаюць
Затрыманьне Зянковіча, Кастусёва, Фядуты і справа «змоўшчыкаў». Што трэба ведаць
- У Шклове ўвечары 12 красавіка затрымалі кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Тады было вядома толькі, што ён праходзіць у крымінальнай справе і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
- Увечары таго ж дня жонка беларускага паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Маскве. 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што Фядуту затрымалі.
- У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага адваката з ЗША Юрася Зянковіча. Усе яны цяпер у менскім СІЗА КДБ.
- Увечары 17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі, што заходнія спэцслужбы рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей.
- Лукашэнка абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху затрыманых Зянковіча, Кастусёва і Фядуту.
- Амаль сынхронна ФСБ Расеі заявіла, што яны сумесна з КДБ Беларусі спынілі меркаваную змову з удзелам Зянковіча і Фядуты, якія нібыта плянавалі 9 траўня «ажыцьцяўленьне вайсковага перавароту ў Беларусі па адпрацаваным сцэнары „каляровых рэвалюцый“ з прыцягненьнем мясцовых і ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама фізычную ліквідацыю Аляксандра Лукашэнкі».
- У рэпартажы на беларускім дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фрагмэнт відэаразмовы ў Zoom, у якой, акрамя Зянковіча, Кастусёва і Фядуты, удзельнічалі яшчэ чатыры чалавекі (усе жывуць у ЗША), нібыта ўдзельнікі змовы. У інтэрвію Свабодзе двое зь іх адкінулі абвінавачаньні (тут і тут).
- Афіцыйныя прадстаўнікі ЗША і Польшчы назвалі абвінавачаньні ўладаў Беларусі і Расеі на свой бок няпраўдай.
- 21 красавіка Ўладзімір Пуцін заявіў, што краіны Захаду ігнаруюць факты падрыхтоўкі «дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» і «плянаваньня забойства» Аляксандра Лукашэнкі. Ён абвінаваціў удзельнікаў «змовы супраць Лукашэнкі» ў падрыхтоўцы масаванай кібэратакі на Беларусь.
- 22 красавіка стала вядома, што старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітоляг Аляксандар Фядута і юрыст Юры Зянковіч абвінавачаныя ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
- 30 красавіка КДБ назваў імёны дзевяці абвінавачаных. Гэта Аляксандар Фядута, Юры Зянковіч, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч, Дзьмітры Шчыгельскі, Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка, Віталь Макаранка, Ігар Макар. Акрамя Фядуты, Зянковіча і Кастусёва, у няволі трымаюць Вольгу Галубовіч.
- Прысуды ў справе: Юрасю Зянковічу — 11 гадоў калёніі, Аляксандру Фядуту — 10 гадоў, Рыгору Кастусёву — 10 гадоў, Дзянісу Краўчуку — 2,5 года.