Для старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва гэта першая сустрэча з адвакатам больш чым за тыдзень утрыманьня ў СІЗА КДБ. Аляксандра Фядуту і Юрася Зянковіча абаронцы здолелі наведаць раней.
Зяць Рыгора Кастусёва Зьміцер Антончык напісаў у Фэйсбуку з гэтай нагоды:
«Сёньня адвакат сустракаўся з Рыгорам Кастусёвым. Артыкул пацьвердзілі 357. Настрой у Рыгора нармалёвы. Здароўе ў норме. Больш інфармацыі не маю».
Як паведаміла Свабодзе Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты, сёньня адвакатка наведала Аляксандра ў СІЗА КДБ:
«Абвінавачваньне, як і было абвешчана — артыкул 357, частка 1 КК „Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам“. Больш нічога па справе адвакатка не сказала, яна пад падпіскай аб неразгалошваньні. Саша нібыта нічога — трымаецца. Са здароўем нармальна. З серады мы зь ім разам чытаем Мандэльштама. (Аляксандар Фядута і Марына Шыбко дамаўляліся ў адзін час чытаць па памяці творы Мандэльштама, — Свабода). Што тычыцца заяваў па БТ, то для мяне гэта трызьненьне».
Артыкул 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) прадугледжвае пакараньне да 12 год зьняволеньня.
Жонка Зянковіча Алена пра абвінавачваньне на адрас мужа: «У хлусьню Лукашэнкі я ня веру»
Алена Дзянісавец, жонка Юрыся Зянковіча, паведаміла, што на гэтым тыдні адвакат сустрэўся зь Юрасём у СІЗА КДБ.
«Абвінавачаньне Юрасю яшчэ не прад'яўленае. Ён у прымальным стане. Юрасю даюць лекі ад ціску. Нашая хата на Нарачы, набытая ўлетку, ускрытая і апячатаная пячаткамі КДБ. Думаю, туды ўжо нешта падкінулі, кшталту выбухоўкі ці патронаў. Не зьдзіўлюся, калі вырылі які-небудзь схрон ці пограб. Ад КДБ можна чакаць нечаканага.
У хлусьню Лукашэнкі я ня веру. Ён сам не заўсёды разумее, што кажа. Мне паведамілі, што затрымалі Юрася агенты беларускага КДБ, а не ФСБ. Пакуль больш камэнтаваць нічога не магу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Саша ў турме чытае па памяці вершы Бродзкага». Што з затрыманымі Фядутам, Зянковічам і КастусёвымРыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове і даставілі ў КДБ. На наступны дзень у Маскве беларускія спэцслужбы затрымалі палітоляга Аляксандра Фядуту і юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША.
Падчас суботніка 17 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне групы, якая нібыта «плянавала замах на яго і дзяцей», і зьвязаў яе са спэцслужбамі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: заходнія спэцслужбы рыхтавалі замах на мяне і на маіх дзяцей. Удзельнічалі Зянковіч, Кастусёў і ФядутаПразь дзень начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак заявіў на тэлеканале АНТ, што пачата крымінальная справа на падставе арт. 357 КК (змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). Такіх спраў у гісторыі суверэннай Беларусі не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ: Фігурантам справы аб дзяржперавароце пагражае да 12 гадоў турмыСанкцыя першай часткі гэтага артыкулу прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.