Эўрапейскі суд у правах чалавека прыняў скаргу расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага на ўмовы ўтрыманьня ў пакроўскай папраўчай калёніі.
Пра гэта паведамілі прадстаўнікі суду ў Twitter.
Скаргу прынялі ў рэкордна хуткія тэрміны.
Судзьдзі ЭСПЧ задалі расейскім уладам некалькі пытаньняў:
Ці сумяшчаецца ўтрыманьне Навальнага пад вартай зь ягоным правам на жыцьцё, гарантаваным артыкулам 2 Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека?
З улікам перадгісторыі «амаль сьмяротнага пагаршэньня здароўя заяўніка», выкліканага атручэньнем у 2020 годзе, ці адпавядае цяперашняе лячэньне патрабаваньням артыкулаў 2 і 3 Канвэнцыі?
Ці зазнаваў Навальны катаваньні і жорсткае абыходжаньне ў калёніі?
Расейскія ўлады павінны даць адказы да 12 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксея Навальнага перавялі з калёніі ў шпіталь- Расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны зь лютага знаходзіцца ў папраўчай калёніі № 2 у горадзе Пакрове Ўладзімірскай вобласьці: суд прыгаварыў яго да трох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ў крымінальнай справе «Іў Рашэ» васьмігадовай даўнасьці. Эўрапейскі суд у правах чалавека прызнаў тую справу неправамернай. У калёніі стан здароўя Навальнага рэзка пагоршыўся.
- З канца сакавіка палітык трымае галадоўку: ён абвясьціў яе на знак пратэсту супраць таго, што не атрымлівае неабходнай мэдычнай дапамогі, і пры гэтым да яго не дапускаюць ягонага лекара.
- Штаб Навальнага анансаваў на 21 красавіка акцыі за вызваленьне палітыка, якія пройдуць ва ўсіх буйных гарадах Расеі, у тым ліку ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.