43-гадовага былога намесьніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімера Дударава, які падчас выбарчай кампаніі 2020 году быў каардынатарам ініцыятыўнай групы вылучэнца на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі па Магілёўшчыне, вінавацяць у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі (ч.3 арт 426 КК) і махлярстве (ч.4 арт.209 КК). Падсуднаму пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. Сваёй віны ён не прызнае.
Падсуднаму не зьмянілі меру стрыманьня
19 чэрвеня 2020 году праваабаронцы прызналі Дударава палітвязьнем. Крымінальную справу супраць яго разглядае старшыня Чавускага раённага суду Алена Каралько. Дзяржаўнае абвінавачваньне прадстаўляе супрацоўнік Чавускай пракуратуры Сяргей Снытчанка.
Уладзімер Дудараў займаў пасаду намесьніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму зь верасьня 2018 да жніўня 2019 году. Курыраваў пытаньні будаўніцтва і ЖКГ. Да гэтага кіраваў аддзелам будаўніцтва ў гарадзкой адміністрацыі.
Затрымалі Ўладзімера Дударава 11 чэрвеня 2020 году. Ён працаваў тады намесьнікам дырэктара акцыянэрнага таварыства «Домабудаваньне» і быў абласным каардынатарам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. З таго часу зьвестак пра лёс зьняволенага не зьяўлялася. На судзе стала вядома, што ўтрымліваюць яго ў сьледчым ізалятары, які месьціцца ў турме № 4.
Адвакат хадайнічаў, каб суд зьмяніў меру стрыманьня для падабароннага на хатні арышт ці паруку, бо той мае хранічныя хваробы, у зьняволеньні яны абвастрыліся, і ў турэмных умовах ім ня даць рады. Сярод іх гіпэртанія. Пракурор выступіў супраць, судзьдзя яго падтрымала.
У чым абвінавачваюць Дударава?
Уладзімеру Дудараву інкрымінуюць тры эпізоды злачыннай дзейнасьці, якая, паводле папярэдняга сьледзтва, нанесла шкоду грамадзкім і дзяржаўным інтарэсам. Яна ацэненая ў 41 381 рубель.
— Паводле сьледзтва, Дудараў, старшынюючы ў 2007 годзе ў жыльлёва-будаўнічым каапэратыве «Цэнтар Дом», задумаў завалодаць нежылым памяшканьнем тэхнічнага паверху ў праектаваным шматпавярховым доме, дзе мелася быць ягоная кватэра. Ён бяз згоды чальцоў каапэратыву і ў парушэньне ягонага статуту ў студзені 2008 году зьвярнуўся ў праектную арганізацыю, каб тая павялічыла вышыню паддашку. У выніку каапэратыў панёс неабгрунтаваныя затраты на набыцьцё матэрыялаў і выкананьне работ у суме 2288 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хачу жыць у краіне, дзе пануе закон». Што ў судзе сказаў Віктар Бабарыка— Далей Дудараў распрацаваў статут каапэратыву, у якім была норма, якая дазваляла ўладальнікам кватэраў на апошніх паверхах са згоды бальшыні жыльцоў дому перабудоўваць нежылое памяшканьне тэхнічнага паверху над сваёй кватэрай і набываць яго ва ўласнасьць. Аб зьменах ён чальцоў каапэратыву нібыта не паінфармаваў, але аформіў іхную агульную згоду пратаколам з зацьверджаньнем статуту ў новай рэдакцыі і пераназваньні самога каапэратыву. У адміністрацыі Ленінскага раёну Магілёва статут зарэгістраваў. Такім чынам, паводле сьледзтва, ён незаконна, «махлярскім шляхам», завалодаў нежылым памяшканьнем тэхнічнага паверху, чым нанёс шкоду каапэратыву ў 41 381 рубель. У далейшым Дудараў злучыў сваю трохпакаёвую кватэру з памяшканьнем на паддашку і пераабсталяваў яго пад жыльлё. 31 сакавіка 2010 году дом быў здадзены.
— Кіруючы аддзелам будаўніцтва гарвыканкаму, Дудараў дапамог свайму бацьку ў 2015 годзе набыць драўляны дом у прыродаахоўнай зоне ракі Дубравенкі і зьвярнуўся па дазвол на яго рэканструяваньне. У далейшым гэты дом быў пабураны і ўзьведзены наноў, што забаранялася генэральным плянам гораду. Паводле сьледзтва, Дудараў падманам узгадніў праект у начальніка ўпраўленьня архітэктуры і горадабудаўніцтва Ўладзімера Скачака. Дударава-старэйшага зьбіраліся прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці за самавольнае будаўніцтва і зьнесьці незаконна ўзьведзены будынак. Але абвінавачаны, які на той момант займаў пасаду намесьніка старшыні гарвыканкаму, «выкарыстоўваючы паўнамоцтвы службовай асобы», загадаў падначаленаму Скачаку не ініцыяваць адміністрацыйны працэс па выяўленых парушэньнях супраць бацькі.
Абвінавачаны: шматлікія праверкі не выяўлялі раней парушэньняў
Сваёй віны Ўладзімер Дудараў не прызнаў. Паводле яго, шматлікія праверкі, якія ладзіліся, сярод іншага, праваахоўнымі органамі, па агучаных пракурорам фактах раней не выяўлялі парушэньняў заканадаўства зь ягонага боку. Сваю пазыцыю ён зьбіраецца выкласьці на пазьнейшых судовых пасяджэньнях больш грунтоўна.
На судовае пасяджэньне прыехалі родныя абвінавачаных. Жонка Дударава Алена ў гутарцы з журналістамі сказала, што выстаўленыя мужу абвінавачаньні неабгрунтаваныя і надуманыя. Яна спадзяецца, што правасудзьдзе разьбярэцца. Жанчына ўстрымліваецца гаварыць пра палітычны аспэкт мужавай справы. Кажа, што на здароўе ў ізалятары ён не наракае, але належная мэдычная дапамога, на ейную думку, там не аказваецца. За 8 месяцаў зьняволеньня яго толькі адзін раз наведаў урач-нэўроляг. У лютым яна бачыла мужа на спатканьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навучыўся маляваць людзей, займаецца ёгай і шмат чытае. Эдуард Бабарыка напісаў пра ўмовы ў СІЗА КДБПад крымінальным перасьледам Уладзімер Дудараў ня першы з магілёўскіх сяброў ініцыятыўнай групы Бабарыкі. У чэрвені 2020 году затрымалі кіраўніка Магілёўскай абласной дырэкцыі Белгазпрамбанку Сяргея Кармызава. 26 лютага 2021 году Кастрычніцкі суд Магілёва прысудзіў яму тры гады калёніі агульнага рэжыму за перавышэньне службовых паўнамоцтваў з нанясеньнем шкоды ў буйным памеры. Кармызаў, паводле сьледзтва, незаконна выдаў крэдыт на 75 тысяч рублёў. Журналістаў незалежных мэдыя на працэс супраць Кармызава не пускалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былому кіраўніку магілёўскага філіялу «Белгазпрамбанку» прысудзілі 3 гады калёніі