У судзе Чыгуначнага раёну Гомля працягваецца разгляд крымінальнай справы адносна давераных асоб Святланы Ціханоўскай за пляны «масавых беспарадкаў» і «захопу адміністрацыйных будынкаў».
Судзяць Тацяну Канеўскую, Юрыя Ўласава, Дзьмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна.
Суд праходзіць у надзвычайным рэжыме. Юрыдычна ён адкрыты, але на працэс пускаюць толькі блізкіх сваякоў і дзяржаўныя СМІ. Астатнія месцы займаюць то міліцыянты, то невядомыя людзі, то студэнты юрыдычнага факультэту. Палітвязьні абураныя, што на адкрыты суд не дапускаюць незалежныя СМІ, іх паплечнікаў, сяброў і неабыякавых жыхароў Гомля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі судзяць давераных асобаў Ціханоўскай. Падсудныя не прызналі віныСваякі абвінавачаных накіравалі запрашэньні наведаць суд у амбасады Літвы, Латвіі, Італіі, Польшчы, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны, Украіны. Сваякі просяць амбасадараў наведаць адкрыты працэс, бо спадзяюцца, што іх прысутнасьць (калі там няма журналістаў незалежных СМІ) можа спрыяць большай аб’ектыўнасьці і публічнасьці суду.
Усе чацьвёра не прызнаюць сваёй віны ў інкрымінаваных злачынствах. Як доказ віны сьледзтва расцэньвае відэа, паказанае па дзяржаўнай тэлевізіі — ролік, зьняты таемным чынам, дзе давераныя асобы абмяркоўваюць пляны на 9-10 жніўня.
Сёньня ў судзе зачыталі паказаньні сьведак, у тым ліку Алега Майсеева — сябра каманды Ціханоўскай, які быў на сустрэчы каманды 5 жніўня. Сам ён зьехаў за мяжу. Ён не прызнаваў, што каманда плянавала захопы адміністрацыйных будынкаў.
Тацяна Канеўская і Дзьмітрый Івашкоў адмовіліся даваць паказаньні на судзе. Таму былі зачытаныя іх сьведчаньні, якія яны давалі на сьледзтве. Там яны таксама не прызнавалі сваёй віны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі накіравала ў Літву просьбу аб экстрадыцыі Ціханоўскай, Літва не зьбіраецца яе выдаваць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як муж і чатыры сыны чакаюць 54-гадовую палітзьняволеную Тацяну Канеўскую, адну з «Маці-328», давераную асобу Ціханоўскай. ВІДЭА