Пра тое, што Генэральная пракуратура Беларусі накіравала ў Літву просьбу аб экстрадыцыі Ціханоўскай, расейскаму агенцтву ТАСС паведамілі ў самім ведамстве.
Гэта зроблена «для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за злачынствы супраць парадку кіраваньня, грамадзкай бясьпекі і дзяржавы», – праінфармавалі «Інтэрфакс» у Генпракуратуры.
Працэдуру экстрадыцыю Сьвятланы Ціханоўскай раней ініцыяваў Сьледчы камітэт.
«Ціханоўская цяпер абвешчаная ў вышук. Адпаведныя дакумэнты на яе экстрадыцыю перададзеныя ў Генэральную пракуратуру», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце СК.
Размова пра давераных асобаў Ціханоўскай, палітвязьняў Юрыя Ўласава, Тацяну Канеўскую, Дзьмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна.
Паводле СК, абвінавачаныя з удзелам Ціханоўскай «абмяркоўвалі плян арганізацыі масавых беспарадкаў у Гомлі, а таксама захопу будынкаў адміністрацыі і выканкамаў, прызначэньні замест кіраўнікоў і старшынь сваіх асобаў. Падтрымаўшы плян, Ціханоўская нібыта пагадзілася выдаць грошы на закупку электрашокераў, газавых балёнчыкаў, рацый, мэгафонаў, мікрафонаў, iншых прадметаў і прылад».
Сьвятлана Ціханоўская тым часам знаходзіцца ў міжнародным турнэ, сустракаецца з кіраўнікамі Фінляндыі, Партугаліі і Швайцарыі.
Пазыцыя Літвы
Літва ня выдасьць Ціханоўскую Лукашэнку, пра гэта заявіў у інтэрвію DW намесьнік міністра замежных справаў Літвы Мантас Адаменас.
«Я думаю, у кіраўніцтве Беларусі добра разумеюць: любы запыт аб выдачы Святланы Ціханоўскай будзе дзеяньнем чыста рытуальным. Літва не выдае людзей, якія зазнаюць палітычны перасьлед. У Менску выдатна ведаюць, які адказ мы ім дамо» — сказаў намесьнік кіраўніка літоўскага МЗС.