Amnesty International: У справе непаўналетняга асуджанага Залатарова ўлады Беларусі парушылі Канвэнцыю аб правах дзіцяці

  • БелаПАН

Мікіта Залатароў падчас суду, 22 лютага 2021 году.

У крымінальнай справе непаўналетняга Мікіты Залатарова парушана адразу некалькі артыкулаў Канвэнцыі аб правах дзіцяці, а таксама ягонае права не падвяргацца катаваньням і іншым відам жорсткага абыходжаньня, заявіла міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International.

Як нагадвае БелаПАН, 16-гадовага Мікіту Залатарова 22 лютага асудзілі на 5 гадоў пазбаўленьня волі ў выхаваўчай калёніі. Яго абвінавацілі ў тым, што ён кінуў «кактэйль Молатава» пад ногі двум амапаўцам, а таксама ў арганізацыі масавых беспарадкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 16-гадовага Мікіту Залатарова пакаралі 5 гадамі калёніі за «масавыя беспарадкі»

Amnesty International адзначае, што беларускія ўлады не правялі ніякага расьсьледаваньня заяваў аб тым, што падчас затрыманьня і знаходжаньня пад вартай юнака зьбівалі электрашокавай дубінкай, а допыты вяліся ў адсутнасьць адваката або дарослага прадстаўніка.

Акрамя таго, малады чалавек заставаўся ў папярэднім зьняволеньні больш за паўгода і цяпер утрымліваецца ў адзіночнай камэры, што парушае ўсе стандарты ў галіне правоў чалавека, якія тычацца абыходжаньня зь дзецьмі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлетку прысудзілі 2 гады калёніі за «масавыя беспарадкі» і «гвалт над міліцыяй»

Ужываньне такой меры ў дачыненьні да непаўналетніх раўнасільна катаваньням, заяўляе Amnesty International. Праваабаронцы адзначаюць, што ні на адным этапе не было спробаў знайсьці альтэрнатыву ўтрыманьню Мікіту Залатарову пад вартай, апэляцыі адваката аб вызваленні да суду адхілілі.

Amnesty International запатрабавала ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Мікіту Залатарова, забясьпечыць незалежнае, аб’ектыўнае і эфэктыўнае расьсьледаваньне зьвестак аб катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня, а таксама ў поўнай меры выконваць рэкамэндацыі Камітэту ААН аб правах дзіцяці.