Аўтобусаў удвая меней, чым крымінальных спраў: якая вытворчасьць у Беларусі больш эфэктыўная: судовая ці прамысловая?

Ілюстрацыйнае фота. Сілавікі на аўтобусах падчас акцыі пратэсту ў Менску. Лістапад 2020 году

Пачынаючы са жніўня, у Беларусі завялі звыш 3 тысяч крымінальных спраў за пратэсты. Глядзім, а колькі за такі ж час вырабілі стратэгічнай для Беларусі прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура: пасьля выбараў 9 жніўня супраць беларусаў завялі звыш 3 тысяч крымінальных спраў за пратэсты

Аўтобусаў удвая меней

1349 — столькі аўтобусаў выпусьцілі ў Беларусі за 2020 год. Гэта ў 2,2 раза меней, чым завялі крымінальных спраў за палітыку за год.

Выраб аўтобусаў скараціўся ў параўнаньні з 2019-м і 2018 гадамі, чаго ня скажаш пра колькасьць крымінальных спраў за палітыку.

Станкоў для апрацоўкі мэталу за мінулы год у Беларусі вырабілі 2,5 тысячы штук — на 500 меней, чым завялі крымінальных спраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня маем права фінансаваць рэжым». Львоў адмовіўся купляць беларускія аўтобусы

Камбайнаў — у пяць разоў меней, чым крымінальных спраў

У 2019 годзе ў Беларусі вырабілі 640 камбайнаў для ўборкі збожжа, што ў 4,6 раза менш, чым завялі крымінальных спраў за палітыку ў 2020-м. Статыстыкі за мінулы год па камбайнах пакуль няма. У 2018 годзе камбайнаў сабралі болей — 938.

Летась Беларусь за год прадала за мяжу 208 камбайнаў на 21,6 мільёна даляраў. Асноўны пакупнік — Расея. Нават у 2018 годзе за год беларусы заплацілі штрафаў на суму, утрая большую. І гэта параўнальна спакойны год, калі не было вялікай палітычнай актыўнасьці.

Самазвалаў у 3,4 раза менш, чым крымінальных спраў

У 2019 годзе ў Беларусі выпусьцілі 866 кар’ерных самазвалаў, што ў 3,4 раза менш, чым колькасьць крымінальных спраў за палітыку ў 2020-м. Статыстыкі па самазвалах за 2020 год пакуль няма, але ў студзені сёлета іх за месяц сабралі 46 штук. Калі ўзяць гэтую лічбу за сярэднюю, атрымаецца 552, ці ў 5 разоў менш, чым палітычных спраў за 2020 год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БМЗ у мільярдных даўгах. А што на іншых заводах?

Барон у 13 разоў менш, чым крымінальных спраў, плугоў — у 3,6 раза менш

У 2019 годзе дыскавых барон у Беларусі вырабілі 226 штук, што ў 13 разоў менш, чым колькасьць крымінальных спраў за палітыку ў 2020-м. Трактарных плугоў зрабілі 831, што ў 3,6 раза менш, чым справаў за палітыку.

Халадзільнікаў і трактароў — болей

Ёсьць і тыя сфэры прамысловасьці, дзе колькасьць вырабленых адзінак перавышае колькасьць крымінальных спраў. Гэта трактары (39,5 тысячы за мінулы год), ровары (69 тысяч), тэлевізары (1,3 мільёна штук).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія беларускія тавары сталі менш набываць за мяжой