У краіне захоўваецца высокая няпэўнасьць, сытуацыя ўнікальная, і ў гэтых умовах Нацбанк перайшоў да больш «грубых» інструмэнтаў рэгуляваньня фінансавага рынку, заявіў старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Павал Калавур.
Нацбанк, па яго словах, спрабуе забясьпечваць цэнавую і фінансавую стабільнасьць у краіне ня столькі шляхам працэнтных ставак, колькі шляхам прапановы абмежаванай ліквіднасьці камэрцыйным банкам.
Камэнтуючы той факт, што Нацбанк задавальняе менш за 10% заявак банкаў на атрыманьне ліквіднасьці, Калавур адзначыў, што «банкі выстаўляюць заяўкі па максымуме», канкурыруючы адзін з адным.
Разам з тым даваньне абмежаванай ліквіднасьці банкам у ходзе аўкцыёнаў — апраўданыя захады, якія спрыяюць цэнавай і фінансавай стабільнасьці ў краіне.
«Правядзеньне аўкцыёнаў дазваляе ўзьдзейнічаць на попыт на крэдыты і іншыя працэсы», — адзначыў Калавур.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк павышае стаўку рэфінансаваньня. Яна была рэкордна нізкай 9 месяцаўРэгулятар не зьяўляецца прыхільнікам рэзкіх рухаў у сёньняшніх умовах.
«На першы погляд, усё вельмі проста: вырасла інфляцыя — трэба павышаць стаўку рэфінансаваньня. Я не прыхільнік таго, каб ствараць пікі — бачым паскарэньне інфляцыі і хутка павышаем стаўку рэфінансаваньня. Трэба паглядзець прыроду інфляцыйных фактараў: яны часовыя або пастаянныя, манэтарныя ці не», — сказаў Калавур.
Нацбанк упершыню за 6 гадоў павысіць стаўку рэфінансаваньня — 21 красавіка яна павялічыцца з цяперашніх 7,75 да 8,5% гадавых.
Апошні раз стаўку рэфінансаваньня ў Беларусі павышалі ў студзені 2015 году, з 20 да 25% гадавых. Пасьля гэтага да 2020 году стаўку рэфінансаваньня пастаянна зьмяншалі, апошні раз у ліпені 2020 — з 8 да 7,75% гадавых.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк змагаецца з інфляцыяй: камэрцыйныя банкі атрымалі грашовай масы ў 15 разоў меней, чым прасіліЦяперашняе павышэньне стаўкі рэфінансаваньня да 8,5% гадавых Нацбанк тлумачыць паскарэньнем інфляцыйных працэсаў у краіне. Нацбанк зьвярнуў увагу на тое, што інфляцыя паскараецца і ў суседняй Расеі.
Кіраўнік Нацбанку таксама расказаў аб сваёй стратэгіі ашчаджэньняў. Грошы ён захоўвае толькі ў беларускіх рублях, бо «даходнасьць на 70% вышэйшая, чым у валюце». Калавур мяркуе, што даходнасьць у рублях будзе вышэйшай за валютную ў наступныя пяць гадоў.
Акрамя таго, Павал Калавур заявіў, што не зьбіраецца пакідаць пасаду кіраўніка Нацбанку.
«Рана мне займацца рыбалоўствам. У мяне дастаткова сіл і ведаў, каб быць карысным нашай краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бульба — плюс 26%, рыба — плюс 16%. Цэны растуць, нягледзячы на забарону іх павышаць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі вырашыў узяць на сябе працэнты па крэдытах 8 дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў