У Палату прадстаўнікоў паступіў законапраект «Аб зьменах законаў па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці». Восем былых і дзейных адвакатаў шчыра расказваюць пра ціск на адвакацкую супольнасьць, асаблівасьці працы з «палітычнымі кліентамі» і новы законапраект, які паставіць крыж на незалежных адвакатах.
Што вы даведаецеся зь відэа:
- Пасьля 1995 году пачаўся ціск на адвакацкую супольнасьць у Беларусі. У 2011 годзе пяць адвакатаў, якія працавалі ў крымінальных справах, зьвязаных з падзеямі 19 сьнежня 2010 году, пазбавілі ліцэнзій.
- У 2020–2021 гадах колькасьць адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій на адвакацкую дзейнасьць, стала беспрэцэдэнтнай для гісторыі беларускай адвакатуры. Лік ідзе ўжо на дзясяткі.
- У жніўні 2020 году адвакаты дзяжурылі на Акрэсьціна і каля БСМП, аказвалі дапамогу ўсім пацярпелым бясплатна і за 1 рубель. Гэта таксама стала падставай для пазбаўленьня ліцэнзій. Сёньня ў цэнтральным апараце Сьледчага камітэту на праверцы знаходзяцца больш за 100 спраў аб катаваньнях толькі на Акрэсьціна.
- Абарона «палітычных кліентаў» адрозьніваецца ад абароны звычайных людзей. Напрыклад, сустрэчы з Марыяй Калесьнікавай, Максімам Знакам і Мікалаем Дзядком у СІЗА № 1 праводзяцца выключна ў кабінэтах 24 і 29. Гэтыя кабінэты раней выкарыстоўваліся для сустрэч адвакатаў з асабліва небясьпечнымі злачынцамі, асуджанымі на пажыцьцёвае ці сьмяротнае пакараньне. Апошнім часам там зьявіліся перагародкі са шкла паміж адвакатам і падабаронным. У СІЗА КДБ у кабінэце, дзе праходзяць сустрэчы зь Віктарам Бабарыкам, усталявалі дадатковую камэру.
- У сакавіку 2021 году стала вядома, што Міністэрства юстыцыі ўпотай ад адвакацкай супольнасьці падрыхтавала законапраект пра зьмены ў закон аб адвакатуры. Калі закон будзе прыняты ў такім выглядзе, як яго прапануюць чыноўнікі, то беларускія адвакаты фактычна страцяць сваю незалежнасьць. Адно з новаўвядзеньняў — ліквідацыя індывідуальнай практыкі і адвакацкіх бюро. Працаваць адвакатам можна будзе толькі празь юрыдычную кансультацыю.
- У канцы 2020 году Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленьні ад пасадаў судзьдзяў, сярод якіх і некалькі чалавек, якія выносілі палітычна матываваныя прысуды. Некаторыя зь іх «хутка сталі ў чаргу прэтэндэнтаў на званьне адваката». Паводле праекту закону, для судзьдзяў і сакратароў, пракурораў і сьледчых будзе створаны спрошчаны шлях у адвакатуру.