Начальнік Генштабу Ўзброеных Сілаў Беларусі заявіў пра актыўнасьць NATO ля беларускай мяжы

  • БелаПАН

Саміт ў Маскве АДКБ, беларуская дэлегацыя.

Вайсковы камітэт АДКБ правёў закрытае пасяджэньне. Размаўлялі пра ўзмацненьне сіл NАТО.

Начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Беларусі Віктар Гулевіч на 18-м закрытым пасяджэньні вайсковага камітэту Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) 14 красавіка ў Маскве заявіў пра актыўнасьць NATO каля беларускай і расейскай межаў, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Гулевіч адзначыў, што спэцыялісты нібыта зафіксавалі паблізу мяжы «разгортваньне разьведчых цэнтраў і цэнтраў перавозак, удасканаленьне аб’ектаў вайсковай інфраструктуры, у тым ліку па прыёме кантынгентаў».

Прэс-служба расейскага Міністэрства абароны па выніках пасяджэньня паведаміла са спасылкай на начальніка Генштабу Ўзброеных Сілаў Расеі Валерыя Герасімава, што Расея разьлічвае на актывізацыю вайсковага супрацоўніцтва ў рамках арганізацыі.

Раней Міністэрства абароны Беларусі абвінаваціла Польшчу ў парушэньні 12 красавіка дзяржаўнай мяжы паветраным шляхам. Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл Польшчы адпрэчыла ўсе абвінавачаньні: у Варшаве сьцьвярджаюць, што ў гэты дзень паблізу польска-беларускай мяжы наогул не было аніякіх палётаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь заявіла пра парушэньне дзяржаўнай мяжы з боку Польшчы неўстаноўленым самалётам. Польшча абвяргае

Дамова аб калектыўнай бясьпецы падпісаная 15 траўня 1992 году Армэніяй, Казахстанам, Кыргызстанам, Расеяй, Таджыкістанам і Ўзбэкістанам. Беларусь далучылася да яе 31 сьнежня 1993 году. Дакумэнт уступіў у сілу 20 красавіка 1994 году.

14 мая 2002 году дзяржавы, якія падпісалі дамову, прынялі вырашылі стварыць на яе аснове паўнавартасны міжнародны ваенна-палітычны блёк — Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. 2 сьнежня 2004 году АДКБ прадаставілі статус назіральніка ў Генэральнай асамблеі ААН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь прапанавала Азэрбайджану дапамогу ў адбудове Нагорнага Карабаху пасьля вайны

У студзені 2012 году Ўзбэкістан выйшаў з арганізацыі, і больш яе склад пакуль не мяняўся.

Мэта АДКБ заключаецца ў сумеснай абароне тэрытарыяльнай і эканамічнай прасторы дзяржаў-удзельніц ад любых праяваў зьнешняй ваенна-палітычнай агрэсіі, тэрарыстычнай дзейнасьці, прыродных катастроф буйнога маштабу і іншага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна разглядае сяброўства ў NATO як адзіны шлях да міру на ўсходзе краіны. Крэмль: гэта толькі пагоршыць сытуацыю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Павінна застацца ў расейскай сфэры ўплыву». Як 100 год таму ў Рызе падзялілі Беларусь
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія караблі выйшлі ў Чорнае мора, куды накіроўваюцца эсьмінцы ЗША