Праз 10 гадоў у Беларусі плянуюць узьвесьці першую чаргу сховішча радыяактыўных адкідаў Беларускай АЭС. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі паведаміў першы намесьнік начальніка Дзяржатамнагляду Леанід Дзядуля, інфармуе агенцтва «Менск-Навіны».
Стратэгія абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі Беларускай АЭС прадугледжвае часовае захоўваньне нізка- і сярэднеактыўных адкідаў на самой пляцоўцы атамнай электрастанцыі на працягу 10 гадоў. Адпрацаваныя цеплавылучальныя зборкі будуць на гэты пэрыяд адпраўляць у адмысловы басэйн вытрымліваньня. А потым павязуць у Расею на перапрацоўку.
Але і пасьля гэтага застануцца радыяактыўныя адкіды, якія падлягаюць доўгаму захоўваньню. У адпаведнасці з заканадаўствам яны вернуцца назад у Беларусь. Да таго часу для іх і пабудуюць сховішча. Яго першая чарга мае быць гатовая да 2031 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Японія пачне скідаць ваду з АЭС «Фукусіма» ў акіянЯк паведаміў начальнік аддзелу нагляду за бясьпекай абыходжаньня з радыяактыўнымі адкідамі і адпрацаванымі ядзернымі матэрыяламі Дзяржатамнагляду Мікалай Міхайлаў, за 60 гадоў праектнага тэрміну эксплюатацыі Беларускай АЭС будзе створана каля 9 тыс. кубамэтраў нізка- і сярэднеактыўных, а таксама прыкладна 60 кубамэтраў высокаактыўных адкідаў.
«Цяпер ідзе выбар пляцоўкі пад будаўніцтва аб’екта. Як толькі стане вядомая прыкладная лякацыя сховішча, пройдуць грамадзкія абмеркаваньні», — адзначыла начальнік упраўленьня па рэгуляваньні радыяцыйнай бясьпекі Дзяржатамнагляду Вікторыя Антонава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Беларускай АЭС завяршылі зборку рэактара другога энэргаблёкуУлады Беларусі спадзяваліся, што адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС прыме Расея, але ўрэшце было вырашана, што яно будзе перапрацоўвацца ў Расеі і потым вяртацца на захоўваньне ў Беларусі.
У эколягаў застаюцца пытаньні, як сховішча ядзерных адкідаў будзе ўплываць на людзей і прыроду. Экспэрты адзначаюць, што цалкам бясьпечнага спосабу захоўваць гэтыя адкіды не існуе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь амаль у чатыры разы павялічыла пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну. Але тэндэнцыю абяцаюць зьмяніць ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка вызваліў Астравецкую АЭС ад шэрагу падаткаў да канца 2041 году