Беларускай атамнай электрастанцыі працягнулі пэрыяд вызваленьня ад некаторых падаткаў да 31 сьнежня 2041 году, адпаведны ўказ № 124 падпісаў Лукашэнка 30 сакавіка, паведаміў «Інтэрфакс-Захад».
АЭС вызвалілі ад падаткаў
- на нерухомасьць,
- на зямлю,
- на прыбытак.
Ня будуць пералічваць у бюджэт частку прыбытку.
Мэта такіх ільгот — павышэньне эфэктыўнасьці дзейнасьці БелАЭС у пэрыяд выкананьня крэдытных абавязаньняў, паведамілі ў Міністэрстве энэргетыкі.
Раней Лукашэнка вызваляў БелАЭС ад шэрагу падаткаў у сьнежні 2013 году. АЭС ня мусіла плаціць падаткі на нерухомасьць і зямлю да ўводу ў эксплюатацыю.
АЭС у Астраўцы будуюць паводле расейскага праекту «ВВЭР-1200». Яна будзе складацца з двух энэргаблёкаў магутнасьцю 1200 МВт кожны. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС зьяўляецца група ASE дзяржкарпарацыі «Расатам».
Фізычны пуск першага энэргаблёку станцыі адбыўся ў жніўні 2020 году, яго ўвод у прамысловую эксплюатацыю заплянавалі на першы квартал 2021. Увод у эксплюатацыю другога блёку чакаецца ў першым паўгодзьдзі 2022 году.