Лідэр Народнага антыкрызіснага кіраваньня Павал Латушка зьвярнуўся да нарвэскіх уладаў, каб яны запатрабавалі ад кампаніі Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».
Yara — адзін з асноўных пакупнікоў калійнай солі ў Беларусі. Нарвэскаму ўраду належыць 36% акцый гэтай кампаніі.
Латушка лічыць, што працягваць супрацоўніцтва зь «Беларуськаліем» можна толькі ў тым выпадку, калі ўлады спыняць рэпрэсіі і пакараюць вінаватых у іх, вызваляць палітвязьняў і прызначаць новыя свабодныя выбары.
Пэтыцыю да кіраўніцтва кампаніі Yara з патрабаваньнем разарваць кантракт зь «Беларуськаліем» падпісалі больш за 83 тысячы чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму цяпер, для каго і ці ня зьнішчыць адзінства. 10 адказаў Латушкі пра ягоную партыю
У студзені Yara International заявіла, што трымаецца ўнівэрсальнага парадку дня ў галіне правоў чалавека, у тым ліку права на страйк, і падтрымлівае вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў асуджэньні парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі. Яна выказала спадзяваньне, што «Беларуськалій» будзе паважаць правы работнікаў і ўстрымлівацца ад рэпрэсіўнай палітыкі.
Кіраўніцтва «Беларуськалію» заявіла, што гатова працягваць узаемадзеяньне з Yara International, зьняць дысцыплінарныя спагнаньні з работнікаў, а звольненых раней — прыняць назад.
У адказ страйкам «Беларуськалію» заявіў, што аднаўленьне кантрактаў магчымае толькі ў выпадку выкананьня ранейшых патрабаваньняў:
- спыненьне перасьледу за грамадзянскую пазыцыю,
- вызваленьне палітвязьняў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў,
- пачатак крымінальных спраў у дачыненьні да сілавікоў,
- прыцягненьне Аляксандра Лукашэнкі і Лідзіі Ярмошынай да адказнасьці за фальсыфікацыю выбараў.
Страйкам заклікаў кампанію Yara разарваць кантракт зь «Беларуськаліем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці расколваюць партыі пратэст ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Незалежныя беларускія прафсаюзы атрымалі нарвэскую прэмію, якую прыраўноваўваюць да Нобэлеўскай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Заклапочаныя сытуацыяй». ЭБРР пацьвердзіў пазыцыю аб замарожваньні новых інвэстыцый у Беларусі