Справу разглядае судзьдзя Ленінскага раёна Берасьця Андрэй Грушко.
На лаве падсудных 13 чалавек: Аляксандар Вінярскі, Эдуард Кудынюк, Дзяніс Марусевіч, Данііл Бандарук, Уладзімер Рубашэўскі, Марк Салонікаў, Віктар Панцялееў, Сымон Канцэвіч, Вячаслаў Касьцючык, Андрэй Грышчук, Максім Зіневіч, Міхаіл Калішук, Віталія Бандарэнка. Двое зь іх — непаўналетнія.
Каля 80 чалавек прыйшлі падтрымаць абвінавачаных у суд, аднак на ранішняе пасяджэньне пусьцілі толькі бабку аднаго з падсудных, яшчэ 2 сваякоў, па адным прадстаўніку для непаўналетніх і журналіста Tut.by. Потым некалькі чалавек, якія прад’яўлялі пазовы, выйшлі з залі, і на іх месца дазволілі прайсьці яшчэ некалькім родным.
Усе астатнія некалькі гадзін чакалі каля дзьвярэй. Некаторыя сваякі, якім не дазволілі папрысутнічаць на паседжаньні, спадзяюцца трапіць у залю пасьля перапынку.
Па словах маці Дзяніса Марусевіча Людмілы, якая ня трапіла ў залю пасяджэньня і пасьля перапынку, трое падсудных прызналі віну цалкам, трое не прызналі зусім, астатнія прызналі частаткова.
Што кажа абвінавачаньне
Дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня падчас несанкцыянаванага масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — груба парушылі грамадзкі парадак і ўчынілі пагромы. Яны таксама чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Выкарыстоўвалі пры гэтым дошкі, палкі, сьметніцы, фрагмэнты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, мэталічныя ніты, ёмістасьці з фарбай, піратэхнічныя вырабы. Затым абвінавачаныя наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкi i іншую маёмасьць, якая належала АУС, фізычным і юрыдычным асобам.
Паводле інфармацыі пракуратуры, агульная сума шкоды перавысіла 27 тысяч рублёў.
Сярод абвінавачаных адна жанчына
Першапачаткова ў судзе плянаваўся разгляд спраў 12 чалавек. Аднак пазьней у групу абвінавачаных уключылі адзіную дзяўчыну — 19-гадовую Віталію Бандарэнку.
Віталію мусілі судзіць у сярэдзіне лютага разам зь іншымі 9 фігурантамі справы аб масавых беспарадках (усім ім 10 сакавіка прысудзілі ад 3 да 4,5 года калёніі). Аднак дзяўчына на суд не зьявілася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці 9 чалавек асудзілі за «масавыя беспарадкі». Непаўналетнім далі па 3 гады выхаваўчай калёнііНягледзячы на тое, што яна знаходзілася пад падпіскай аб нявыезьдзе, Віталія пакінула краіну. У сувязі з гэтым яе абвясьцілі ў вышук. 27 лютага абвінавачаная вярнулася ў Беларусь. Ужо 1 сакавіка яе затрымалі, пасьля чаго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а потым перавялі ў СІЗА-7, дзе да суда знаходзілася большасьць абвінавачаных у гэтай справе.