Калектыўны вырак агучыла судзьдзя Маскоўскага суду Вера Філонік.
Як перадаюць валянтэры «Вясны», непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі па 3 гады выхаваўчай калёніі.
Сем асуджаных адправілі ў калёнію ўзмоцненага рэжыму: Аляксандра Драздова, Ільлю Мігно, Цімура Рызапура — на 4,5 гады, Сяргея Салоху, Ягора і Віталя Пракапчукоў — на 4, Сяргея Крыўчэню — на 3,5 года.
Дзясятай абвінавачанай, 18-гадовай Віталіі Бандарэнцы, пакараньне не прызначылі. Справу супраць яе прыпынілі. Дзяўчыну затрымалі ў канцы лютага, калі яна вярталася з-за мяжы ў Беларусь.
Паводле сьледзтва, падчас акцыі пратэсту пасьля выбараў 9 жніўня ў цэнтры Берасьця абвінавачаныя груба парушылі грамадзкі парадак, учынілі пагромы, нанесьлі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі (дошкамі, палкамі, сьметніцамі, лаўкамі, тратуарнай пліткай, бутэлькамі, камянямі, мэталічнымі нітамі, піратэхнічнымі вырабамі). Таксама наўмысна пашкодзілі транспартныя сродкi i iншую маёмасьць міліцыі.
Як заявіў дзяржабвінаваўца, «аб’яднаныя адзіным злачынным намерам, фігуранты справы спрабавалі ўжыць гвалт, «нанесьці цялесныя пашкоджаньні» супрацоўнікам праваахоўных органаў.
Пацярпелымі прызналі 29 чалавек, у судовай залі прысутнічалі сем. Яны знаходзіліся ў асобным пакоі, на пытаньні адказвалі зьмененымі галасамі.
Агульную суму нанесенай шкоды сьледзтва ацаніла больш як у 27 тысяч рублёў. Ніхто зь дзевяці асуджаных не пызнаў віну цалкам.