«Папраўдзе, нашы палітычныя кантакты з гэтай краінай ніколі не былі ідэальнымі. Але мы праз свой характар, мэнталітэт доўга мірыліся з асобнымі выпадамі і абвінавачаньнямі ў свой адрас, стараліся знайсьці кампраміс, праяўлялі гнуткасьць, разуменьне. Зыходзілі з таго, што суседзяў не выбіраюць. Аказалася, гэтыя канструктыўныя падыходы ў Варшаве ўспрымаюць як слабасьць», — заявіў Аляксандар Лукашэнка.
Лукашэнка лічыць, што «законную рэакцыю праваахоўных органаў на супрацьпраўную дзейнасьць некаторых грамадзян Беларусі, якія называюць сябе палякамі, у Варшаве лічаць прыгнётам польскай нацыянальнай меншасьці», — паведамляе ягоная прэс-служба.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па «польскай справе» арыштавалі пяцёх чалавек. Расказваем, хто гэтыя людзіПаводле яго, «некаторыя асобы ўспамінаюць пра свае нацыянальныя карані толькі тады, калі парушаюць закон».
«Многія падымаюць польскае пытаньне: „палякі, уціск...“ Яшчэ раз хачу паўтарыць кіраўніцтву Польшчы: так, у нас нямала пражывае палякаў. Але гэта нашы палякі. Іх радзіма — Беларусь. Яны тут жылі, іх дзеці жывуць і будуць жыць. Хто хоча выехаць, — мы нікога не трымалі і трымаць не зьбіраемся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што ў шэрагу краін няма сэнсу захоўваць беларускія амбасады і поўны штат дыпляматаў. Макей адрэагаваўАкрамя таго, Лукашэнка паабяцаў грунтоўна дасьледаваць на навуковым узроўні тэму «польскай акупацыі беларускіх земляў».
«У нас няма неўрэгуляваных тэрытарыяльных і маёмасных прэтэнзій адзін да аднаго. Мы ніколі не ўспаміналі аб акупацыі Польшчай значнай часткі беларускай тэрыторыі ў 20-30-я гады мінулага стагодзьдзя. Але, мабыць, прыйшоў час вярнуцца да гэтай тэмы і дэталёва дасьледаваць яе з прыцягненьнем гісторыкаў і палітолягаў. Што ўжо, дарэчы, мы пачалі рабіць», — праінфармаваў ён.
Паводле Лукашэнкі, дэкляраваная летась гатоўнасьць польскага боку ісьці насустрач у цэлым шэрагу кірункаў «зьмянілася абвінавачаньнямі ў фальсыфікацыі выбараў, падтрымкай зьбеглых, даваньнем прытулку здраднікам і экстрэмістам». А потым справа дайшла да санкцый, пералічыў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія ўлады ініцыявалі ліквідацыю «Польскай школы» ў БерасьціПры гэтым ён адзначыў, што «апошняй кропляй», якая перапоўніла ягоную чашу цярпеньня, сталі «непрыхаваныя спробы гераізацыі бандытаў і ваенных злачынцаў».
Гаворка пра імпрэзу ў гонар «праклятых жаўнераў», якая скончылася высылкай польскіх консулаў зь Берасьця і Горадні, а таксама беларускіх дыпляматаў з Варшавы, арыштам лідэраў Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута.
Як разьвіваўся беларуска-польскі канфлікт
- 2 кастрычніка 2020 году беларускі МЗС запатрабаваў скараціць колькасьць польскіх і літоўскіх дыпляматаў у Беларусі. Да 9 кастрычніка зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы.
- 29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
- 21 сьнежня Беларусь закрыла межы на ўезд і выезд, у тым ліку з Польшчай. Афіцыйная прычына — каранавірус.
- 12 сакавіка 2021 году затрымалі дырэктарку прыватнай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. На яе завялі справу за «гераізацыю ваенных злачынцаў» (частка 3 артыкула 130 КК). Яна пад вартай.
- 13 сакавіка на запатрабаваньне беларускіх уладаў з Горадні выехалі яшчэ два польскія консулы, у тым ліку генэральны консул Польшчы ў Горадні Яраслаў Ксёнжэк. Прычыны — польскі консул узяў удзел у імпрэзе памяці «праклятых жаўнераў» у Берасьці. У Горадні застаўся апошні польскі консул. У адказ Польшча паведаміла, што высылае ў Беларусь двух беларускіх дыпляматаў.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская цяпер на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.