Як паведамляе Белсат, Пачобута абвінавачваюць паводле артыкулаў КК, якія прадугледжваюць адказнасьць за «распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай варажнечы» і «рэабілітацыю нацызму». Яму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў зьняволеньня.
- 23 сакавіка ў Горадні затрымалі старшыню незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс.
- 24 сакавіка Анжаліку Борыс асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за правядзеньне ў Горадні традыцыйнага сьвята Казюкі.
- 25 сакавіка затрымалі сябраў незарэгістраванага СПБ Анджэя Пачобута (Горадня), Ірэну Бярнацкую (Ліда), Марыю Цішкоўскую (Ваўкавыск).
- Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу «за распальваньне рэлігійнай і нацыянальнай варажнечы» (частка 3 артыкула 130 КК) на Анжаліку Борыс і іншых асобаў. Борыс, Пачобут, Бярнацкая, Цішкоўская цяпер на «Валадарцы» ў якасьці падазраваных.
- 29 сакавіка стала вядома, што Смаргонская пракуратура запытвае сьпісы студэнтаў і выкладчыкаў курсаў польскай мовы. Запыт датаваны 25 сакавіка. Прыватныя школы польскай мовы паведамляюць, што праверкі ў іх ідуць па ўсёй Беларусі.